Шостае ў гэтым годзе папярэджанне журналісту

Пракуратура Брэсцкай вобласці вынесла пісьмовае папярэджанне незалежнаму журналісту Максіму Хлябцу за супрацоўніцтва з замежным СМІ – «Беларускім Радыё Рацыя» – без акрэдытацыі.



maksim_chliabiec.jpg

Журналіст наведаў пракуратуру раніцай 11 чэрвеня — згодна з афіцыйнай позвай, якую атрымаў днём раней.

Старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Ніна Бахарава ўручыла яму пісьмовае папярэджанне, датаванае 10-м чэрвеня і падпісанае намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандрам Точкам.

baj.by__sites_default_f_fd25e67bbe8d01b84b4caf5320eb351f.html

baj.by__sites_default_f_0eea78d4437f7226b4e573ad017d92c2.html

Фота дакумента даслаў baj.by Максім Хлябец

З паперы вынікае, што доказам супрацоўніцтва журналіста з замежным СМІ пракуратура лічыць два артыкулы, размешчаныя на сайце racyja.com у сакавіку 2013 года. Адзін з іх — пра гуканне вясны, другі — пра дзень паэзіі.

Гэта не першая праява цікавасці да Максіма Хлябца з боку сілавых структур. У сакавіку 2014 года яго выклікалі ў міліцыю і спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва, кажучы, што «ўсё ведаюць» пра яго журналісцкую дзейнасць.   

«Думаю, цяперашняе папярэджанне — працяг той гісторыі. Тады я адмовіўся супрацоўнічаць і распавёў пра гэта ў СМІ. Можа, яны вырашылі напужаць мяне  яшчэ чым-небудзь — з разлікам на тое, што я спалохаюся і пачну з імі супрацоўнічаць ці спыню сваю дзейнасць», — выказаў меркаванне Максім у гутарцы з прэс-службай ГА "БАЖ".

Гэта ўжо шостае па ліку папярэджанне ў 2014 годзе незалежным журналістам за супрацу з замежнымі СМІ. У лютым пракуратура Лідскага раёна папярэдзіла Юрыя Дзешука, у сакавіку Брэсцкая гарадская пракуратура папярэдзіла журналіста Яўгена Скрабца, Гомельская абласная пракуратура — Юлію Сівец іМікалая Бянько, у красавіку пракуратура Віцебскай вобласці папярэдзіла мясцовую журналістку Святлану Сцяпанаву. 

За ўвесь 2013 год органы пракуратуры, па звестках ГА “БАЖ”, вынеслі папярэджанні дзевяці журналістам. Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"