Шукаюць намінантаў на прэмію для даследчыкаў
Заснаваная штогадовая прэмія для навукоўцаў і даследчыкаў за найлепшую на працягу года публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі пачынае працу па правядзенні чарговага – Трэцяга Кангрэса, які мае адбыцца 11—13 кастрычніка 2013 года. У межах падрыхтоўкі да гэтай акадэмічнай падзеі аб’яўляецца пра заснаванне штогадовай прэміі за найлепшую на працягу года публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.
Як адзначае кіраўнік аргкамітэта, дырэктар Інстытута палітычных даследванняў «Палітычная сфера»Андрэй Казакевіч, адной з праблем сучаснай навукі і даследаванняў з’яўляецца
адсутнасць унутранай сістэмы павышэння якасці і рэйтынгавання.
— Сёння кваліфікацыю якасці даследчай працы вызначаюць перш за ўсё дзяржаўныя інстытуцыі. Яны выстаўляюць рэйтынгі, даюць прэміі і на бюракратычных прынцыпах прызначаюць навуковыя статусы.
Існуючую сістэму цяжка назваць справядлівай і адэкватнай. Роля самой даследніцкай супольнасці зведзена да мінімуму, а незалежныя даследчыкі ўвогуле пакідаюцца па-за ўвагай. Гэта прэмія —
спроба ўзнавіць і актывізаваць унутраныя механізмы самаарганізацыі і ацэнкі даследніцкай супольнасці, — патлумачыў сэнс прэміі Андрэй Казакевіч.
Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць да навуковай працы, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковай дзейнасці. Прадстаўнікі
акадэмічнай супольнасці маюць магчымасць намінаваць вынікі навуковай дзейнасці і такім чынам паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.
Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:
— Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.
— Гуманітарны навукі: філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства.
— Гісторыя.
Публікацыі па праву і эканоміцы прымаюцца да разгляду толькі калі маюць міждысцыплінарны характар, а таксама закранаюць праблематыку асноўных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.
Першая прэмія надаецца за працы (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), якія былі апублікаваныя ў 2011—2012 гадах. Прапановы на ўключэнне ў
разгляд навуковых прац можа дасылаць любы жадаючы. Гэта могуць быць уласныя працы ці працы калегаў, знаёмых. Нікай дадатковай аргументацыі не патрабуецца.
Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння Рады з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін (не менш за 11 экспертаў на кожную намінацыю).
Урачыстае наданне прэміі, а таксама грашовай узнагароды ў памеры не менш за 400 еўра кожнаму пераможцу, адбудзецца на Трэцім Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі.
Свае прапановы можна дасылаць на адрас premija@palityka.org да 20 лютага 2013 года.