Сілавікі прыходзілі да журналіста Аляксандра Вялітчанкі. Яго абвесцілі ў крымінальны вышук
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што раніцай супрацоўнікі ГУБАЗіКа па Гомельскай вобласці прыходзілі па месцы прапіскі журналіста-фрылансера і актывіста Аляксандра Вялітчанкі.
![_5233732716548175525_120.jpg _5233732716548175525_120.jpg](/img/v1/images/_5233732716548175525_120.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дома яны нікога не засталі. Тады маці Аляксандра, якая знаходзіцца
ў працоўным адпачынку, патэлефанавалі з працы і ў тэрміновым парадку выклікалі
на размову да ідэолага прадпрыемства.
Калі жанчына прыйшла на працу, там яе сустрэлі двое супрацоўнікаў, пасля чаго адвезлі дадому і правялі вобшук. У паперы на правядзенне
ператрусу значылася не менш за пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У выніку
быў канфіскаваны адзін стары ноутбук.
Таксама супрацоўнікі цікавіліся, дзе знаходзіцца Аляксандр
Вялітчанка, сказалі маці, што ён пададзены ў крымінальны вышук.
Напрыканцы, жанчыне далі на подпіс паперу, у якой значылася, што супрацоўнікі паводзілі сябе карэктна і дзейнічалі ў межах закона.