Жыхарку Гомеля ўзялі пад арышт, хаця яе захворванне не дазваляе гэтага

Жыхарку Гомеля абвінавацілі ў гвалце над сілавікамі 27 верасня 2020 года на маршы пратэсту, хоць тады ніхто не заўважыў, каб міліцыянты ці супрацоўнікі АМАПа пацярпелі ад людзей, распавядае «Свабода».

ddf09966_ba4c_4a38_9b1d_be6dc494483f_w1023_r1_s.webp

49-гадовую Ларысу Кузьменка з Гомеля абвінавацілі ў «гвалце над міліцыяй» амаль год таму, 27 верасня. Тады ў Гомелі праходзіў марш пратэсту. На ўдзельнікаў акцыі паслалі АМАП, які выкарыстоўваў слезацечны газ.

Ларысу Кузьменка тады затрымалі разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту. Яе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У жанчыны быў нервовы зрыў, і яна трапіла на два месяцы ў псіхіятрычны шпіталь.

6 жніўня 2021 году Ларысу затрымалі проста на працы, змясцілі ў ізалятар. Сёння, як паведаміла дачка затрыманай, маці прад'явілі абвінавачанне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт над міліцыяй») і пасадзілі ў СІЗА.

«Пракурор выбраў меру стрымання для маці — быць пад вартай у ізалятары. Гэта супярэчыць заканадаўству, бо маці мае захворванне, якое знаходзіцца ў спісе хвароб, пры якіх чалавека нельга трымаць пад вартай!» — кажа дачка арыштаванай Аліна Бірукова.

27 верасня 2020 году на маршы пратэсту не было заўважана, каб міліцыянты ці супрацоўнікі АМАПа пацярпелі ад гвалту. Наадварот, пацярпелі людзі, многіх удзельнікаў акцыі жорстка затрымлівалі. Актывістцы Алене Давыдавай сілавікі пашкодзілі нагу, яшчэ адна жанчына атрымала пералом нагі, актывісту Сяргею Пятрову зламалі нос дручком.