Сілавікі затрымалі дырэктара афіцыйнага дыстрыб'ютара «Mercedes-Benz»
Праўладныя тэлеграм-каналы пахваліліся, што затрымалі дырэктара кампаніі-дылера «Mercedes-Benz» «Энергія ГмбХ».
Блізкія да ГУБАЗіКа тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што дырэктар аўтацэнтра «Энергія ГмбХ» нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і пералічваў грошы ў «Фонд Салідарнасці».
Імя затрыманага не называюць, аднак, паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, дырэктарам аўтацэнтра «Энергія ГмбХ» з'яўляецца Сяргей Даніловіч.
У відэа сілавікоў затрыманы дырэктар кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгу, таму што «на той момант гэта было не забаронена». Затрыманы дадае, што ў жніўні таго ж года адправіў 1220 рублёў «Фонду салідарнасці».
Таксама на відэа мужчыну прымушаюць назваць свой заробак.
Аўтары канала называюць дырэктара «ўпоратым праціўнікам улады, які прымушаў сваіх работнікаў удзельнічаць у незаконных акцыях пад пагрозай пазбаўлення прэмій і звальненняў».
ТАА «Аўтамабільны дом «Энергія ГмбХ» — адзіны афіцыйны дыстрыб'ютар «Mercedes-Benz» у Беларусі, кампанія мае эксклюзіўныя правы на продаж і абслугоўванне машын «Mercedes-Benz» на беларускім рынку.