Сяржант Маёранка: Мы не можам страляць у адказ

Сёння ад раніцы не спыняюцца абстрэлы Марыупаля сепаратыстамі. Шмат украінскіх жаўнераў паранена. Ёсць і звесткі (пакуль што непацверджаныя) пра двух забітых. Пра гэта паведаміў наш журналіст Зміцер Галко.



118287o.jpg

Зміцер змог паразмаўляць з адным з параненых — малодшым сяржантам 17-й танкавай брыгады Уладзімірам Маёранкам. Уладзімір і яго таварыш былі параненыя сёння каля 7-й раніцы пад Паўлапалем, самым дальнім блокпосце пад Марыупалем.

Больш за ўсё Уладзіміра абурае тое, што яны не могуць адразу стрэліць у адказ. Для таго, каб адкрыць агонь па сепаратыстах, ім спачатку трэба звярнуцца да вышэйшых камандзіраў, атрымаць ад іх дазвол і толькі пасля можна выстраліць. А тым часам сепаратысты мяняюць месца дыслакацыі і страляць ужо няма сэнсу. Уладзімір кажа, што сепаратысты пахавалі вакол зброю, прыязджаюць ледзь не на роварах, страляюць і хуценька з'язджаюць. А ўкраінскія вайскоўцы з-за неабходнасці ўзгадняць кожны стрэл, нічога не могуць з імі зрабіць.

Шмат прэтэнзій у Маёранкі і да вайсковай выведкі. "Мы нічога не ведаем пра сепаратыстаў, а яны пра нас ведаюць шмат, таму ў нас столькі стратаў", — скардзіцца Уладзімір.

Дарэчы, Уладзімір паранены лёгка (аскепкамі ў нагу), а вось яго таварыш зараз у вельмі цяжкім стане ў аперацыйнай. Лекары спрабуюць выратаваць яму жыццё.

Марыупаль абстрэльваюць сёння ўвесь дзень. Шмат параненых украінскіх вайскоўцаў прывезлі ў шпіталі горада.

А тым часам Пётр Парашэнка сёння на прэс-канферэнцыі ў Кіеве заявіў: «Упершыню за доўгі час сёння ноччу ніводны ўкраінскі вайсковец не быў паранены, ніхто не быў забіты. Вы не можаце ўявіць, якое гэта выдатнае пачуццё».