Сёння судзяць Лябедзьку і Някляева за акцыю памяці

29 кастрычніка да будынку КДБ прыйшлі каля 150 мінчукоў, каб “нагадаць беларускаму рэжыму пра злачынствы сталiнiзму  i спынiць новыя злачынствы сучасных пераемнiкаў НКВД”, па выказванні Міколы Статкевіча.



akc_1024x768.jpg

belprauda.org

Суд Цэнтральнага раёна Мінска будзе разглядаць адміністрацыйныя справы ў дачыненні да лідара руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», паэта Уладзіміра Някляева за ўдзел у вулічных акцыях. Як паведаміў палітык, на суд ён не збіраецца:

— Я раней не хадзіў на гэтыя суды і зараз не пайду. Усё загадзя вядома. Я магу сказаць, што мне прысудзяць 10 млн штрафу — максімальнае пакаранне, якое прадугледжвае гэты артыкул.

На сёння таксама запланаваны суд у дычыненні да старшыні  Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, нагадвае Радыё Рацыя. Ён аднак збіраецца ў гэты час на сустрэчу з міністрам замежных спраў Літвы:

– Напісаў заяву, каб яны перанеслі разгляд маёй справы на 20 лістапада. Бо 20-га ў мяне ўжо ёсць яшэ адно судовае паседжанне на ўзроўні Мінскага гарадскога суда, спадзяюся, што перанясуць. І да абеда я буду ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, а пасля абеда – ў гарадскім судзе.

73 гады таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД “амерыканкі” былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР — літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы. Падобнага масштабу трагедыі не ведае літаратура ніводнай іншай еўрапейскай краіны.