Сёння дзень народзінаў палітвязня Яўгена Каханоўскага
Сёння, 15 лютага, свае 20-годдзе адзначае за кратамі палітвязень Яўген Каханоўскі — жыхар Жлобіна, які быў затрыманы 27 жніўня.
На камеру ён прызнаў віну ва ўдзеле ў беспарадках у горадзе. Як высветлілася пазней, ён зрабіў гэта пад прымусам. Затрымалі яго таму, што ён нібыта быў зафіксаваны на камеры крамы «Суседзі», што недалёка ад Палаца металургаў, у дзень, калі праходзіла акцыя пратэсту.
Яўгену Каханоўскаму было прад’яўлена абвінавачванне па падзеях 9–13 жніўня па арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Перад самым судом стала вядома, што яму таксама інкрымінуюць гвалт у дачыненні да сілавікоў (арт. 364 КК).
На судзе Яўген сваёй віны не прызнаў. Ён паведаміў, што прызнанне віны на камеру было зробленае пад ціскам.
«Каханоўскі сказаў, што на яго крычаў, ціснуў і ўдарыў супрацоўнік крымінальнага вышуку Кісялёў. Калі ён нешта казаў, што не падабалася міліцыянтам, яны давалі яму падзатыльнікі. Каб яго не білі, ён агаворваў сябе і іншых асобаў. Ад пабояў засталіся сінякі. Такім чынам да яго выкарысталі фізічны і псіхалагічны ціск».
5 лютага суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў пазбаўленне волі на 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Яўген Каханоўскі ўтрымліваецца ў СІЗА Гомеля.
Адрас для ліставанняў: СІЗА-3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003. Каханоўскаму Яўгену
«Новы Час» жадае Яўгену найхутчэйшага вызвалення ў шчаслівага жыцця ў вольнай дэмакратычнай Беларусі!