Сёння спаўняецца 20 гадоў, як знік Юрый Захаранка

Былы міністр унутраных спраў Беларусі генерал Юрый Захаранка бясследна знік 20 гадоў таму, 7 мая 1999 года. На той момант яму было 47 гадоў.

zaharanka2015_4bb5j_j7mph.jpg

Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі на выбарах першага прэзідэнта Беларусі і ў ліпені 1994 года, адразу пасля выбрання Лукашэнкі, быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў. У кастрычніку 1995-га Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а ў красавіку таго ж года былы міністр быў паніжаны ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС нібыта за грубыя фінансавыя парушэнні і хібы ў працы.
Хутка пасля гэтага Юрый Захаранка перайшоў на бок апазіцыі. У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт па бяспецы ў складзе ценявога ўрада. Вясной 1999-га былы паплечнік Лукашэнкі браў актыўны ўдзел у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.
Вечарам 7 мая 1999 года Захаранка знік па дарозе дадому, у раёне вуліцы Магілёўскай. Справа па факце яго забойства была распачатая 17 верасня 1999 года на падставе артыкула 101 КК (наўмыснае забойства).

Паводле nn.by