Арганізацыя прэс-канферэнцыі па справе Regnum'а заўчасная

Следчы камітэт лічыць заўчасным правядзенне прэс-канферэнцыі для СМІ па справе абвінавачаных Regnum'аўцаў Паўлаўца, Алімкіна і Шыпценкі.

000020_334209.jpg


Гэта вынікае з адказу на зварот ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адносна прадастаўлення журналістам інфармацыі па гучных крымінальных справах.
Наконт інфармацыі па “справе патрыётаў” у адказе ні слова.
— З моманту ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі Следчым камітэтам давалася афіцыйная інфармацыя розным СМІ, у тым ліку замежным, не менш за пяць разоў, — гаворыцца ў адказе начальніка аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарату СК Сяргея Кабаковіча.
— Зыходзячы з сітуацыі па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С.Шыпценкі, арганізацыя прэс-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ з’яўляецца заўчаснай, — адзначаецца ў адказе.


Нагадаем, у траўні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” афіцыйна звярталася да кіраўнікоў Следчага камітэта, КДБ і Генеральнага пракурора з заклікам агучыць інфармацыю аб ходзе расследавання рэзанансных крымінальных спраў: “справы патрыётаў” і “справы Regnum'аўцаў”.
Абвінавачаныя па так званай “справе патрыётаў” знаходзяцца за кратамі з сакавіка гэтага года, аднак афіцыйнай інфармацыі для журналістаў СМІ ўсіх формаў уласнасці так і не было прадастаўлена.
Выходзілі ў свет толькі матэрыялы некаторых дзяржаўных СМІ, заснаваныя, як сцвярджалася ў іх, на інфармацыі следства. Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары гэтых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія падалі звесткі па крымінальных справах, а самі матэрыялы часта выглядалі суб'ектыўнымі і аднабаковымі.
Падобным жа чынам прадастаўляецца ў СМІ і інфармацыя па "справе Regnum'аўцаў" Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі, якія ўжо амаль палову года ўтрымліваюцца пад вартай па абвінавачанні ў распальванні нацыянальнай варожасці. Гэтая крымінальная справа таксама выклікае грамадскі рэзананс, разам з тым агучваецца мінімальная афіцыйная інфармацыя аб ходзе расследавання.
Адказаў ад КДБ і Генеральнай пракуратуры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”  пакуль не атрымала.
baj.by