Скарочаным супрацоўнікам ільнозаводу прапануюць пайсці ў цырульні ці гандаль

У райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, закрываюць мясцовы ільнозавод. Першымі пад звальненне падпалі больш за дваццаць працаўніц. Цяпер пагроза звальнення паўстала перад інжынерна-тэхнічным персаналам ды механізатарамі, якіх папярэдзілі, што працаваць яны будуць без дадатковых да заробку выплат.



krugljany_len_532.jpg

Жанчынам, якія працавалі з ільном, прапануюць стаць прадавачкамі і нават знайсці сабе занятак у цырульнях. Раней прапаноўвалі ездзіць на працу на Шклоўскі ільнозавод.
 

Супраць гэтага намеру выступілі жанчыны, якія працавалі ў цэху з ільном. 25 мая іх не пусцілі на працоўныя месцы. Тры дні яны прыходзілі да прахадной і чакалі, пакуль начальства перадумае. Урэшце іх адправілі ў адпачынак. Сёння ён скончыўся, але завод так і не запрацаваў. У адміністрацыі прадпрыемства паведамілі, што цяпер адбываецца яго рэарганізацыя. Людзям прапануецца працягнуць адпачынак яшчэ на месяц за свой кошт у сувязі з вытворчай неабходнасцю:
 

«Вытворчая неабходнасць такая, што няма эканамічнага абгрунтавання існавання прадпрыемства», — зазначае супрацоўнік адміністрацыі.
 

Паводле слоў суразмоўцы, доўг завода складае 10 мільярдаў рублёў. Большая частка яго нарасла з 2005 года з прычыны невысокай рэнтабельнасці. Акрамя таго, паводле слоў супрацоўніка адміністрацыі, частку бюджэтных сродкаў, якія выдзяляліся прадпрыемству, проста скралі:
 

«Кіраўнік арганізацыі іх скраў, і цяпер ён у вышуку. Тры мільярды», — дадаў ён.
 

Раней пісалі, што Круглянскі льнозавод мала таго, што нерэнтабельны, але яшчэ і аварыйны. У адміністрацыі паведамілі, што дазволу на запуск заводу не дае санэпідэмстанцыя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Каб ліквідаваць аварыйнасць цэху, неабходныя велізарныя ўкладанні.

БелаПАН