Скончыў жыццё самагубствам супрацоўнік «Нафтана», які ўдзельнічаў у забастоўцы
Паведамляецца, што за тыдзень да гэтага яго затрымлівалі сілавікі.

30 траўня пайшоў з жыцця Уладзімір Крысёнак, аператар 6-ага разраду вытворчасці №3 ААТ «Нафтан». Яго знайшлі дома павешаным.
Уладзімір далучыўся да агульнанацыянальнай стачкі восенню 2020 года. Ён быў кандыдатам на пасаду старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза супрацоўнікаў «Нафтан» у 2021 годзе.
24 траўня Уладзімір быў затрыманы прадстаўнікамі сілавых структур (меркавана, ГУБАЗіКа) і праз 72 гадзіны выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Як мяркуюць знаёмыя Уладзіміра, прычынай затрымання магла паслужыць актывізацыя розных сілавых структур пасля нядаўняй публікацыі ў СМІ відэа, якое адлюстроўвае жаласны тэхнічны стан устаноўкі, на якой калісьці працаваў Уладзімір. Вядома, што сілавікі пагражалі яму 12 гадамі зняволення.
Сёння Уладзіміра пахавалі.