Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да Герасімені і Апейкіна
Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта распачало крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна, якія арганізавалі ў жніўні мінулага года «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці».
![img_1502_logo.jpg img_1502_logo.jpg](/img/v1/images/img_1502_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на інфармацыю з СК.
У дачыненні да спартсменаў распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361 КК Беларусі («Заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт»).
Следчы камітэт праінфармаваў, што Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін абвясцілі мэтамі створанага імі фонду «аказанне фінансавай і юрыдычнай дапамогі спартсменам, прыцягнутым да адказнасці за парушэнне заканадаўства Беларусі», але насамрэч распаўсюджвалі «заведама ілжывыя звесткі пра ход і вынікі выбараў, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах жыцця грамадства». Таксама спартсменам СК ставіць у віну, што яны выступалі ў інтэрнэце з заклікамі ў адрас іншых дзяржаў і міжнародных арганізацый «да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы рэспублікі»: «У выніку дзеянняў Герасімені і Апейкіна, а таксама іншых асоб нанесена значная іміджавая і фінансавая шкода, падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавана кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы», — заявілі ў СК.