Следчыя завялі крымінальную справу аб смерці вайскоўца пад Барысавам

Упраўленне Следчага камітэту па Мінскай вобласці распачало крымінальную справу па факце смерці вайскоўца Аляксандра Коржыча, які нібыта павесіўся 3 кастрычніка ў вайсковай частцы ў Барысаўскім раёне.

b42631dd_d6f0_40c5_be45_ed92f8b8a0f0_w1023_r1_s.jpg


Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў кіраўнік прэсавай службы СК Сяргей Кабаковіч.
«Падкрэсліваю, што справа заведзеная ў тым ліку таму, што гэта дае магчымасць паўней выкарыстаць усе сродкі для праверкі розных версіяў», — сказаў Сяргей Кабаковіч.
Паводле Следчага камітэту, крымінальная справа заведзеная паводле прыкмет складу злачынства, прадугледжанага 3 часткай артыкула 443 КК — парушэнне статутных правіл узаемаадносін вайскоўцаў, якое мела цяжкія наступствы, піша svaboda.org.
Сяргей Кабаковіч са Следчага камітэту сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў межах крымінальнай справы пакуль няма затрыманых. Пры гэтым, паводле следчых, «прымаюцца ўсе меры да выяўленьня рэальнага стану рэчаў з вайсковай дысцыплінай у дадзенай вайсковай частцы».
3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Пячах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай смерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай версіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са слядамі прыжыццёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадстве.
9 кастрычніка ў Мінабароны Беларусі Свабодзе сказалі, што ўсе іншыя версіі смерці Аляксандра Коржыча, акрамя суіцыду, грунтуюцца на чутках.
Блізкія 21-гадовага Аляксандра Коржыча перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі цела загінулага, на якіх відаць вялікія гематомы. Сям'я і сябры ня вераць у афіцыйную версію і дабіваюцца расследавання.