Слонім: Падтрымаем беларускамоўныя газеты!
У суботу, 5 снежня, адбылося пасяджэнне сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Падчас пасяджэння грамадскі актывіст Віктар Марчык выступіў з прапановай падтрымаць беларускамоўныя газеты падчас падпіскі на 2016 год.
Фота: racyja.com
“Зараз у Беларусі ідзе падпісная кампанія на 2016 год. Таму ёсць прапанова падтрымаць падпісную кампанію на беларускамоўныя выданні “Наша слова”, “Краязнаўчую газету”, “Нашу ніву”, “Новы час” і “Культуру”. Гэтыя газеты выдаюцца толькі на роднай мове. І іх, як бачыце, зусім мала. Астатнія выданні ў нас выходзяць па-расейску, ці на дзвюх мовах. Таму заклікаю падтрымаць нашы родныя выданні”, — сказаў Віктар Марчык.
Прапановы Віктара Марчыка поўнасцю падтрымалі ўсе сябры згуртавання. А некаторыя ў гэты дзень пайшлі на паштовыя аддзяленні і выпісалі вышэй названыя газеты.
Ад імя Слонімскага грамадскага цэнтра, які існуе на базе інфармацыйна-кансультацыйнай установы “Шэгамедкансульт” Іван Шэга сказаў, што на днях іх цэнтр выпіша ўсе выданні на паўгоддзе.
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл звярнуліся да ўсіх беларусаў, каб яны далучыліся да слонімцаў і правялі шырокія падпісныя кампаніі выданняў на роднай мове.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя