Сметнік на гісторыі. Навошта ў лясным масіве нацпарка «Прыпяцкі» палігон адходаў?
У найбліжэйшым ад Турава лясным масіве Нацпарка «Прыпяцкі», побач з археалагічнымі помнікамі і старымі могілкамі — вялізны сметнік, прыбраць які пакуль у дзяржавы няма ні жадання, ні магчымасці.
У 1999 годзе ў склад Рычоўскага лясніцтва Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» перадалі невялікі лясны масіў, размешчаны недалёка ад Турава, паміж вёскамі Рыдча і Хільчыцы.
Жыхары Тураўшчыны называюць гэтае месца «Казаргаць» — нібыта, калісьці паблізу хазары зрабілі гаць праз непралазныя балаты.
Мясціна вартая самай пільнай увагі навукоўцаў і пры гаспадарчым падыходзе магла б стайць вельмі цікавым турыстычным аб’ектам: на ўскрайку ляснога масіва знаходзіцца курганны могільнік зарубянецкай археалагічнай культуры, з іншага боку — габрэйскія могілкі ХІХ стагоддзя, вакол якіх, на думку археолагаў, таксама могуць быць яшчэ не даследаваныя помнікі археалогіі.
Але зараз асноўным аб’ектам у гэтай мясціне з’яўляецца вялізны сметнік, на які звозяць камунальныя адходы з Турава ды навакольных вёсак.
Цяпер пра тое, што пагорак побач з Тураўскім сметнікам з’яўляецца помнікам археалогіі, не нагадвае нічога. Яшчэ колькі год таму тут стаяла шыльда з адпаведнымі звесткамі, цяпер яе няма. Відаць, ад разбурэння дзеля нарыхтоўкі пяску ці яшчэ нейкіх мэтаў пагорак ратуе толькі наяўнасць габрэйскіх надмагілляў.
Некалькі гадоў таму размешчаны праз дарогу курганны могільнік проста знеслі, нават не заўважыўшы. Тады тэрмінова пашыралі магутнасці і мадэрнізавалі малочна-таварную ферму да чарговага прыезду ў Жыткавіцкі раён кіраўніка дзяржавы. На месцы былога археалагічнага помніка дагэтуль трактары выграбаюць плугамі з зямлі крэмневыя прылады працы старажытных людзей.
Ва ўрочышчы «Казаргаць» калісьці таксама спрабавалі капаць, нарыхтоўваючы пясок. Але гарадзішча разбурылі толькі часткова. Археолагам удалося абараніць помнік, дзякуючы неабыякавым мясцовым жахарам, якія своечасова паведамілі пра разбурэнне.
Тым не менш, ва ўтвораны тады пяшчаны кар’ер пачалі звозіць смецце. Спачатку гэта быў стыхійны сметнік. Але, як сведчыць супрацоўнік Інстытуту археалогіі Акадэміі навук Беларусі Ганна Беліцкая, у 2011 годзе, калі памеры сметніка пачалі пагражаць археалагічнаму помніку, у справу ўмяшалася пракуратура. І тады звалку прыбралі.
Маляўнічы сасняк, які акаляе гэтыя мясціны раней належаў мясцоваму савету, але ў 1999 годзе яго перадалі ў склад Рычоўскага лясніцтва Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Сметнік лясніцтва атрымала, што называецца, «у нагрузку». Цяпер гэта яшчэ і галаўны боль для ляснічага Рычоўскага лясніцтва Івана Дрынеўскага:
— У нас жа людзі як робяць? Ёсць сметнік. Яны вязуць. Нехта не змог заехаць, альбо не бяруць нейкае смецце, ён звярнуў у лес і выкінуў проста на дол! Ды й колькі з таго палігона ляціць розных пакетаў! Лес ператвораны таксама ў сметнік, а як з гэтым змагацца – не ведаю. Канешне ж, адтуль яго трэба прыбіраць, не месца там яму.
Пасля таго, як у 2011 годзе звалкай каля археалагічных помнікаў займалася пракуратура і смецце ў «Казаргаці» прыбралі, відавочна, адпаведныя мясцовыя службы аформілі адпаведныя паперы і цяпер смецяць там афіцыйна. На ўездзе ўсталяваная шыльда, што гэта міні-палігон КУП «Жыткавіцкі камунальнік», перад уездам збудаваны нейкі кароткі паркан з брамай і сядзіць вартаўнік у вагончыку. Усё — салідна і афіцыйна.
— Гэты міні-палігон цвёрдых камунальных адходаў афіцыйна зарэгістраваны ў Рэестры аб’ектаў захавання адходаў, — сказаў у каментары Гомельскаму Зялёнаму парталу начальнік Жыткавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Свежанец. — Гэта застаўся адзіны міні-палігон цвёрдых камунальных адыходаў у наваколлі, усе астатнія мы ліквідавалі.
Пакуль, як сведчыць кіраўнік прыродаахоўнай інспекцыі раёна, перспектыва ліквідацыі гэтага сметніка бачыцца дастаткова цмянай.
— У нас было запланавана будаўніцтва міні-палігона ў іншым месцы, недалёка таксама ад гэтага ж урочышча яшчэ ў праграме «Прыпяцкае Палессе» да 2015 года, але, на жаль, не было рэалізавана ў гэтыя тэрміны. Праектная дакументацыя на тое будаўніцтва ёсць, заключэнне экспертызы ёсць, няма толькі крыніцы фінансавання. Магчымасць з’яўлення сродкаў праглядаецца на 2019 год. Пры ўмове рэалізацыі гэтага праекту, мы, канешне ж, зачынім міні-палігон каля лесу ў «Казаргаці». У нас гэта ў планах на 2019 год.
Застаецца спадзявацца, што планы спраўдзяцца і крыніцы фінансавання будаўніцтва новага міні-палігона для камунальных адходаў Турава знойдуцца.
Зрэшты, на існуючым цяпер сметніку ў найбліжэйшым да старажытнага горада лесе, нічога асаблівага, што б засцерагала прыроду, грунтовыя воды ці паветра, не збудавана – смецце кідаецца проста на дол. Адсоўванне падобнай «установы» далей ад лесу і ад гістарычных мясцінаў наўрад ці запатрабавала б вялікіх сродкаў.
Паводле homel.greenbelarus.info