СМІ: Узамен на абмежаванне вяшчання Белсату Мінск гатовы даць у кабельныя сеткі польскі тэлеканал

«Улады Беларусі гатовыя ўключыць у сістэму наземнага вяшчання сваёй краіны адзін з польскіх тэлеканалаў цаною абмежавання вяшчання Белсату»

db680fbc376f08f0672266d73b3d2962.jpg


Пра гэта ў аўторак паведаміла газета «Nasz Dziennik», блізкая да польскай кіроўнай партыі «Права і Справядлівасць»
— Пад увагу бяруцца два варыянты. Першы — гэта вяшчанне польскай грамадскай тэлевізіі TVP1, але без тэлепрадукцыі, якая праз абмежаванні аўтарскіх правоў не можа паказвацца за мяжой. Гэта датычыць пераважна замежных фільмаў. Замест іх уключалася б вяшчанне інфармацыйнага тэлеканалу TVP Info. Другі варыянт — гэта вяшчанне тэлеканалу TVP Polonia — гаворыцца на сайце выдання.
Паводле газэты, TVP Polonia змяніла б сваю праграму адмыслова для аўдыторыі ва Усходняй Еўропе і часткова вяшчала б па-расейску.
Дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска-Гузы пракамэнтавала гэтую інфармацыю наступным чынам:
«Ужо некалькі тыдняў працягваецца наскок на Белсат па абодва бакі мяжы. Пасквіль у «Советской Белоруссии», а цяпер дзіўныя чуткі газеты «Nasz Dziennik».
«Nasz Dziennik» заўважае, што польска-беларускія адносіны апошнім часам моцна палепшыліся. Усё пачалося ад візыту ў Беларусь міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. У кастрычніку Варшаву наведаў Уладзімір Макей. Раней у Беларусі прымалі віцэ-спікера польскага Сейму Рышрда Тэрлецкага і віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага.
«Nasz Dziennik» — грамадска-палітычная каталіцкая штодзённая газета ў Польшчы, якая выдаецца з 1998 году.
Дзмітры Гурневіч, Радыё Свабода