У Польшчы афіцыйна адкрылася база супрацьракетнай абароны
Сёння
ў мястэчку Рэдзікова (Redzikowo), што знаходзіцца на поўначы Польшчы ў
Паморскім ваяводстве, адбылося афіцыйнае адкрыццё амерыканскай базы супрацьракетнай
абароны.
Камандзірам амерыканскай часткі базы ў Рэдзікове стаў капітан Рык Гілберт, які знаходзіцца ў Польшчы ўжо 5 дзён. Ён тэрмінова вывучае польскую мову і ўжо ведае некалькі асноўных фраз. У польска-амерыканскай цырымоніі прынялі ўдзел высокапастаўленыя прадстаўнікі 6-га Флоту ВМС ЗША, камандаванню якой і падпарадкоўваецца база ў Рэдзікове. Польскі бок прадстаўлялі прадстаўнікі прэзідэнта Польшчы, Міністэрства абароны і мясцовага самакіравання Слупскага рэгіёну.
Нагадаем, што ў маі гэтага года пачалося будаўніцтва базы ракет-перахопнікаў амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны. Пачатак будоўлі, сімвалічна уторкнуўшы рыдлёўкі ў зямлю на пляцоўкі, здзейснілі восем членаў польскай і амерыканскай дэлегацыі. У цырымоніі прыняў удзел прэзідэнт Анджэй Дуда, міністр Нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацарэвіч, міністр замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі і прадстаўнікі адміністрацыі ЗША з намеснікам міністра абароны Робертам Уоркам.
Спадар Мацарэвіч запэўніў, што ўстаноўка мае толькі абарончае заданне. “Нашы намаганні ў гэтай справе не мелі мэтай агрэсіўнага дзеяння супраць каго-небудзь, — запэўніў Антоні Мацарэвіч. — Польшча з'яўляецца бяспечнай і мае гарантыі, што ніколі замежная агрэсія нас не закране”.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падкрэсліў, што «гэта дзень, калі пачынаецца чарговы этап умацавання бяспекі свабоднага свету».
“Гэта будуць не ракеты, накіраваныя на каго-небудзь. Яны будуць гарантаваць нам бяспеку. Гэта іх асноўная мэта. Абараняць неба над Еўропай ад ракетных атак”, — падкрэсліў падчас цырымоніі прэзідэнт Анджэй Дуда.
Фота Łukasz Capar
Паводле dziennikbaltycki.pl