У Польшчы пачалі будаваць вайсковую базу ЗША

На поўначы Польшчы ў пасёлку Рэдзікава адбылося ўрачыстае адкрыццё будаўніцтва сістэмы супрацьракетнай абароны.

pol160514_gcywh.jpg


На адкрыцці прысутнічалі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч і намеснік генеральнага сакратара абароны ЗША Роберт Ворк. Таксама ў мерапрыемстве прыняў удзел міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі, які быў галоўным удзельнікам перамоў cа Злучанымі Штатамі на тэму стварэння сістэмы супрацьракетнай абароны.
Амерыканскі бок прадстаўляў, у тым ліку, амбасадар ЗША Пол Джонс, галоўнакамандуючы ваенна-марскімі сіламі ЗША ў Еўропе адмірал Марк Фергюсан. Сярод гасцей быў таксама міністр абароны Румыніі Міхня Мотак.
«Гэта важны дзень, паколькі менавіта сёння пачынаецца новы этап умацавання бяспекі Еўропы, а значыць і Польшчы», — сказаў у час урачыстасцяў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што Польшча даўно чакала моманту, калі сілы НАТА пастаянна будуць знаходзіцца на тэрыторыі краіны.
У сваю чаргу, міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч заявіў, што «мэта ўстаноўкі сістэмы супрацьракетнай абароны — павысіць абараназдольнасць Польшчы і яе саюзнікаў». Міністр акцэнтаваў увагу на тым, што размяшчэнне сістэмы ПРА ў краіне не з'яўляецца праявай агрэсіі.
Паводле «Нашай Нівы»