СМІ: З Інстытута мовазнаўства звольнены акадэмік Аляксандр Лукашанец

Акадэмік Аляксандр Лукашанец загадам дырэктара ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» звольнены з пасады галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Інфармацыю пра звальненне даслалі ў рэдакцыю budzma.org чытачы.

85tlw1r1v73fxddc1qfkfl4wxg52oy1p.jpg

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1977), аспірантуру пры Інстытуце рускай мовы АН СССР (2001), доктар філалагічных навук (2001), прафесар (2003), член-карэспандэнт НАН Беларусі (2009), акадэмік (2017). Лаўрэат прэмій НАН Беларусі (2001 і 2011), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019).
З 1977 года працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

76iw11zjje4roliilayv9itq700fkcqz.jpg


Акадэмік А.А. Лукашанец добра вядомы ў Беларусі і свеце вучоны-славіст і арганізатар славістычнай навукі з шырокім колам навуковых інтарэсаў, сярод якіх: беларускае і славянскае словаўтварэнне; супастаўляльнае даследаванне сістэм беларускай і рускай моў; сацыялінгвістыка і праблемы беларуска-рускага двухмоўя і моўнай палітыкі; праблемы развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ХХ і ХХІ стст. і дынамікі норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Стварыў нацыянальныя беларускія словаўтваральную і сацыялінгвістычную навуковыя школы.
Даследуе пытанні беларускага словаўтварэння на шырокім славянскім фоне, распрацаваў тэарэтычныя асновы і ажыццявіў апісанне сістэмы словаўтварэння ў беларускай мове з пазіцый граматычных катэгорый.
Аляксандр Лукашанец з’яўляецца суаўтарам першых словаўтваральных слоўнікаў беларускай мовы.
Актыўна даследуе сацыялінгвістычныя аспекты сучаснага стану беларускай мовы, яе прававога статусу і месца ў камунікатыўнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы беларускага грамадства, праблемы і асаблівасці развіцця сістэмы беларускай мовы на сучасным этапе, распрацаваў і абгрунтаваў лінгвістычныя, прававыя, сацыяльна-псіхалагічныя і адукацыйныя аспекты функцыянавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя, вызначыў асноўныя напрамкі гарманізацыі моўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама сфармуляваў прынцыпы міжславянскага моўнага і культурнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з улікам сучасных працэсаў глабалізацыі і міжнароднай інтэграцыі. Вынікі сацыялінгвістычных даследаванняў і распрацовак акадэміка Аляксандра Лукашанца знайшлі адлюстраванне ў шэрагу айчынных і замежных публікацый.
Акадэмік А.А. Лукашанец з’яўляецца адным з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008). Пад яго навуковым кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле падрыхтаваны цыкл слоўнікаў і дапаможнікаў, якія забяспечылі паспяховае ўвядзенне новай рэдакцыі правілаў беларускай арфаграфіі ў адукацыйны працэс і беларускую пісьмовую практыку.
З 2017 года акадэмік А.А. Лукашанец з’яўляўся старшынёй Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, вёў вялікую работу па ўпарадкаванні беларускай навуковай тэрміналогіі і пашырэнні беларускай мовы ў сферы навукі, вытворчасці і прамысловасці. Ён суаўтар (аўтар беларускай часткі) перакладных руска-беларускіх тлумачальных «Русско-белорусского терминологического словаря по порошковой металлургии» (2012) и «Русско-белорусского толкового словаря по металлургии и литейному производству» (2020). Гэтыя і іншыя даведнікі маюць выключна важнае значэнне для забеспячэння прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя ў краіне і патрэб сучаснай моўнай практыкі.
Аляксандр Лукашанец — буйнейшы ў краіне спецыяліст па пытаннях ідэнтыфікацыі запісаў прозвішчаў, імён і імён па бацьку ў дакументах, што мае выключна важнае значэнне для сучаснай іменаслоўнай практыкі, для дзейнасці аддзелаў ЗАГС, натарыяльных кантор і інш. ва ўмовах дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя. Пры яго актыўным удзеле і пад навуковай рэдакцыяй падрыхтаваны і выданы запатрабаваныя сучаснай моўнай практыкай: «Слоўнік асабовых уласных імён» (2005; уклад. М.Р. Суднік); А.К. Усціновіч «Слоўнік асабовых уласных імён» (2011); У.М. Завальнюк, В.К. Раманцэвіч «Слоўнік асабовых уласных імён» (2017).