Смярдзючая камуналка
Спёка, як вядома кожнаму вучню сярэдняй школы, спрыяе хутчэйшаму раскладанню арганічных рэчываў, якое, у сваю чаргу, не спрыяе паляпшэнню паветра. Калі казаць проста, калі нешта ў сметніку заляжалася з прадуктаў, што гэтае нешта пераўтвараецца ледзьве не ў хімічную зброю.


Ужо некалькі тыдняў у Беларусі стаіць неверагодная спёка. Яна не самым лепшым чынам адбіваецца на самаадчуванні літаральна ўсіх нашых суграмадзянаў. А тыя, хто паводле сваіх мінімальных прафесійных абавязкаў абавязаны хоць чымсьці аблегчыць жыццё людзей у такіх не зусім спрыяльных прыродных мовах, плюнулі на ўсё. Прынамсі, у мяне складваецца такое адчуванне.
Пра што гэта я? Да пра тое, што ў маім мікрараёне “Малінаўка”, прынамсі, у адным з двароў на пачатку вуліцы Ясеніна чатыры дні, пачынаючы ад мінулага чацвярга, не апустошвалі кантэйнеры са смеццем і пластыкавай тарай. І гэта пры тэмпературы каля +35! Уявіце, якія пачуцці магла б мець Како Шанэль, каб з дапамогаю машыны часу недарэчным чынам апынулася б у маім мікрараёне хаця б на некалькі хвілінаў. Не было б ужо беднай Како Шанэль! А машына часу асірацела б, сама таго не чакаючы, альбо сама ляснула б ад нечаканых “пахаў”.
Адпаведныя “ароматы” і ў пад’ездах. Прычым, не з тае прычыны, што жыхары ці прыхажэнцы ў іх “паскудзяць”. Проста скрыні са смеццем, нават пры тым, што яно запакаванае ў спецыяльныя пакеты, пры такой спёцы, калі іх не апустошыць своечасова, усё роўна пачынаюць страшэнна патыхаць. Дзе вы камунальшчыкі, ау-у!
Яшчэ адзін камунальны момант. Два тыдні жыхары першых дамоў на вуліцы Ясеніна пакутавалі ад планавага адключэння гарачае вады. Якая ж была радасць, калі яна з’явілася ў кранах! Але праз пару дзён пачаліся “непаняткі”. У першай палове дня амаль тыдзень з “гарачага” крана цякла зусім не гарачая вада. І нават не цёплая. Лепей сказаць, амаль летняя. Ці крыху летняя. Прыняць душ пры такой вадзе ўжо было, мякка кажучы, некамфортна. Я ўжо не кажу пра тое, каб нармальна памыць посуд.
У той жа час, я нават не сумняваюся, што за гарачую ваду са спажыўцоў структуры ЖКГ здзяруць “па поўнай”. Зноўку “дарагія ўлады” нас “абуваюць”, шаноўныя суайчыннікі. І гэта факт.
І хутка абуюць зноўку. Ад 9-га жніўня да 4000 рублёў (у рэгіёнах — да 3500) даражэе праезд у сталічным грамадскім транспарце. У мінскага аўтобусна-тралейбусна-трамвайнага кіроўцы квіток будзе каштаваць 4500 айчынных грашовых адзінак. Што, якасць транспартых паслугаў палепшыцца? Мы перастанем задыхацца ў наземным транспарце ад спёкі ды недахопу паветра нават пры ўсіх адчыненых фортках? Наўрад ці.
У сталіцы практычна няма куды схавацца ад гэтай прыроднай пякельні, вуліцы Мінска амаль пустыя. Па вялікім рахунку, адсутнічае належная інфраструктура адпачынку, разлічаная на такія прыродныя анамаліі, што ў Беларусі хутка ператворацца ў звычайную з’яву ў звязку са змяненнем клімату, якое мала ўжо хто аспрэчвае.
І зноўку нашыя бюджэтападзяляльнікі спазняюцца. На ўсіх узроўнях. Што ўжо казаць агулам пра сістэму ЖКГ, якая пачынае смярдзець у літаральным сэнсе гэтага слова.