Смяротнае пакаранне — інструмент кіравання ці сацыяльная справядлівасць?

Ці мае права дзяржава вырашаць, хто павінен жыць, а хто — не? Як суадносіцца правасуддзе і мера пакарання? Ці можа смерць быць законным пакараннем за злачынства? Гэтыя і многія іншыя пытанні задавалі ўдзельнікі Клуба сацыяльнага і прававога кіно на чарговай сустрэчы, якая прайшла ў Крыму.



smiarotnae_krym.jpg

Як паведамляе “Сетка прававых прыёмных Крыма”, увазе гледачоў былі прапанаваныя два дакументальных фільмы рэжысёра Віктара Траццякова: "Прычына смерці — прочырк" і "Убыл по приговору" аб смяротным пакаранні ў Беларусі. Пасля прагляду ўдзельнікі абмяркоўвалі смяротнае пакаранне з розных пунктаў гледжання.

Напрыклад, якія магчымасці смяротнае пакаранне дае сучаснай дзяржаве або якія «пагрозы» нясе ў сабе смяротнае пакаранне як «вышэйшая сацыяльная справядлівасць». Размовы пра смяротнага пакаранне перарасло ў ажыўленую дыскусію, у якой закраналіся пытанні прававой дзяржавы і сучаснай сістэмы правасуддзя, а таксама прапаноўваліся мадэлі ідэальнай дзяржавы. Многія праціўнікі смяротнага пакарання сцвярджалі, што ў прававой дзяржаве немагчыма існаванне смяротнага пакарання, бо вышэйшай каштоўнасцю ў такой дзяржаве з'яўляецца менавіта жыццё чалавека.

Таксама ўдзельнікі Кінаклуба пазнаёміліся з дзейнасцю Праваабарончага цэнтра "Вясна", Беларускага Хельсінскага Камітэта, Amnesty International, якія выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння.


Вынікам дыскусіі стаў імправізаваны ўсеўкраінскі рэферэндум з пытаннем: «Ці ўводзіць ва Украіне смяротнае пакаранне як вышэйшую меру пакарання?». 80% прагаласавалі супраць увядзення смяротнага пакарання, а 20% прагаласавалі «за». Такім чынам, маладыя людзі зрабілі свой выбар і адказалі на пытанне: ці мае права дзяржава вяршыць «божы суд».