Смог у Тбілісі і пах гару ў Вільні: якім паветрам дыхаюць беларусы замежжа?

Рэлаканты, калі з'язджаюць з Беларусі, рэдка ўсур'ёз разглядаюць чысціню паветра як істотны фактар пры выбары новага месца пражывання.

Смог у Тбілісі

Смог у Тбілісі

Экалагічная арганізацыя «Экадом» высветліла ў эксперта па якасці паветра ініцыятывы AirMQ, чым жа дыхаюць беларусы ў самых папулярных для эміграцыі гарадах.

AirMQ ужо больш за два гады збірае даныя аб забруджанасці паветра ў больш чым 30 гарадах Беларусі, а таксама ў Польшчы і Літве. Акрамя таго, разам з грузінскімі прыродаабарончымі арганізацыямі яны запусцілі праект па маніторынгу паветра ў Тбілісі і іншых гарадах Грузіі. Удзельнікі ініцыятывы – энтузіясты, якія самастойна ўсталёўваюць сэнсары чысціні паветра, даныя з якіх затым публікуюцца на сайце airmq.by і ў дадатку AirMQ для Android.

У чым небяспека забруджанага паветра?

Празмернае забруджванне атмасферы ёсць адной з асноўных прычын высокай смяротнасці насельніцтва. Згодна з рэгулярнымі справаздачамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя менавіта бруднае паветра ўваходзіць у лік крытычных фактараў, якія нясуць пагрозу нашай дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмам.

«У забруджванні паветра ў асноўным вінныя прамысловасць і транспарт, — адзначае эксперт. — Акрамя таго, у гарадах, дзе ў ацяпляльны перыяд працягваюць выкарыстоўваць дровы і вугаль, паветра становіцца істотна горш менавіта ў халодную пару года».

Трэцім, але не менш важным фактарам пагаршэння якасці паветра, з'яўляюцца асобныя метэаралагічныя з'явы — напрыклад, рэзкія змены тэмпературы, якія чаргуюцца з бязветранасцю.

Што адбываецца з якасцю паветра ў Варшаве, Вільні, Тбілісі, Алматы — гарадах, куды за апошнія тры гады пераехала шмат беларусаў?

«Ніводны з пералічаных гарадоў, — кажа наш суразмоўца, — нельга аднесці да безумоўна паспяховых адносна якасці паветра. Хаця ў Польшчы найбольш забруджаным лічыцца прамысловы поўдзень, у Варшаве паветра не менш забруджана з-за высокай шчыльнасці індустрыі і гарадскога транспарту».

У Вільні, паводле яго слоў, у гэтым плане лепш, але ў ацяпляльны сезон якасць паветра пагаршаецца праз тое, што жыхары прыватнай забудовы ўсё яшчэ выкарыстоўваюць дровы для ацяплення дамоў. Зімой, у перыяды бязветранасці, дым ад печаў часам накрывае практычна ўсю даліну Нярыса і цэнтральную частку горада.

sostojanie_vozduha_v_tbilisi_na_1_fevralja__skrin_s_sajta_iqair.png

Тбілісі ж, як высветлілася, моцна пакутуе ад інтэнсіўнага транспартнага руху. Пры гэтым вузкая і звілістая даліна ракі Мтквары не спрыяе эфектыўнаму перамяшчэнню паветра. Акрамя таго, у сталіцы Грузіі таксама не вырашана праблема з пячным ацяпленнем дровамі і вугалем.

У Алматы аб праблемах з паветрам паведамляюць мясцовыя актывісты. Прычынай таго, што гранічна дапушчальныя паказчыкі забруджвальнікаў перавышаны ў 18-19 разоў, называюць хаатычную і непрадуманую забудову, у якой не застаецца месца для зялёных насаджэнняў, а таксама празмернае выкарыстанне аўтамабіляў і, як следства, бясконцыя коркі. З-за гэтага кожную зіму жыццё алмацінцаў ператвараецца ў пекла.


Як распазнаць празмернае атмасфернае забруджванне?

«Універсальнага спосабу распазнаць празмерна забруджанае паветра “на вока” няма, — адзначае наш суразмоўца. — Некаторыя забруджвальнікі, напрыклад аксіды азоту і ўгарны газ, не маюць ні візуальных прыкмет, ні паху. Іншыя ж, напрыклад, фенол і лятучыя вуглевадародныя злучэнні, маюць характэрны "хімічны" пах». Самым частым спадарожнікам любога забруджвання, паводле яго слоў, з'яўляюцца мікраскапічныя ўзважаныя часціцы — яны выклікаюць памяншэнне празрыстасці паветра, візуальна прыкметную смугу або смог, і маюць яскравы пах гару.

stan_pavetra_u_minsku__skryn_z_sajta_airmq_.png


Як засцерагчыся ад празмерна забруджанага паветра?

Калі вы вызначылі, што ў дадзены момант узровень забруджвання паветра высокі, устрымаецеся ад частых і доўгіх праветранняў памяшкання: паветра ўнутры ў большасці выпадкаў чысцей, чым звонку, таму праветрыванні могуць толькі пагоршыць якасць паветра ў хаце. Калі вы карыстаецеся прытокавай вентыляцыяй — наш суразмоўца раіць выкарыстоўваць пылавыя фільтры, якія затрымліваюць цвёрдыя часціцы дыяметрам да 2/5 мікрон.

«Выходзіць на вуліцу ў такія дні варта толькі па неабходнасці, паспрабуйце не хадзіць на доўгія шпацыры, устрымайцеся ад заняткаў спортам звонку. Не саромейцеся выкарыстоўваць ахоўныя маскі і рэспіратары, якія затрымліваюць траплянне забруджвальнікаў у наш арганізм», — дадае спецыяліст.

Калі вы цікавіцеся рэгулярным маніторынгам стану паветра, «Экадом» раіць выкарыстоўваць сервісы і дадаткі, якія атрымліваюць інфармацыю непасрэдна з сэнсараў, змешчаных на мясцовасці. Яны паказваюць найбольш аб'ектыўную карціну ў пэўным месцы ў пэўны момант. Варыянт крыху прасцей: маніторынг сэрвісаў па глабальным адсочванні якасці паветра, напрыклад iqair.com або waqi.info. Яны рэгулярна публікуюць індэксы і прагнозы забруджвання атмасферы, грунтуючыся на дадзеных спадарожнікавага назірання. За больш падрабязнай кансультацыяй можна звярнуцца ў AirMQ.

Паводле прэс-рэлізу