Спажывецкія расходы ў разліку на хатнюю гаспадарку ў першым квартале склалі 5,3 млн. рублёў штомесяц

 Спажывецкія расходы ў разліку на хатнюю гаспадарку ў параўнанні з першым кварталам 2013 года павялічыліся на 24,5% і склалі ў першым квартале 2014-га 5,3 млн. рублёў за месяц, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Нацыянальнага статыстычнага камітэта. 



images_1_6.jpg

У структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак доля расходаў на харчаванне склала 41,4%, на куплю нехарчовых тавараў — 35,2%, на аплату паслуг — 21%. 


Паводле звестак выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, наяўныя рэсурсы ў першым квартале 2014 года ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 7,3 млн. рублёў за месяц і ў параўнанні з першым кварталам 2013 года павялічыліся на 26,2%. 


У першым квартале доля хатніх гаспадарак з узроўнем сярэднедушавых наяўных рэсурсаў ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму (нацыянальную рысу малазабяспечанасці) склала 3,6%, (у першым квартале 2013 года — 4,3%) у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 2,9%, у сельскіх населеных пунктах — 5,6%. 


Даведка БелаПАН. Наяўныя рэсурсы — грашовыя сродкі хатніх гаспадарак, кошт спажытых прадуктаў харчавання, вырабленых у асабістай падсобнай гаспадарцы, за мінусам матэрыяльных затрат на іх вытворчасць і кошт атрыманых у натуральнай форме льготаў і выплат.

 

belapan.com