Спорт па нядзелях. Ці пакарае УЕФА федэрацыю футбола Беларусі?

Напрыканцы тыдня — традыцыйны зборнік самага адметнага, што здарылася ў беларускім спорце за сем дзён.

Аляксандар Чэферын і Уладзімір Базанаў. Фота pressball.by

Аляксандар Чэферын і Уладзімір Базанаў. Фота pressball.by

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выпусціў даклад супраць футбольнай федэрацыі

У сераду ў медыях з’явілася тое, што Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) анансаваў як інфармацыйную бомбу. Бомба выбухнула ў выглядзе адмысловай справаздачы, у якой аўтары акумулявалі парушэнні міжнародных статутаў з боку Беларускай федэрацыі футбола (БФФ).

Азнаёміцца з галоўнымі тэзісамі даклада можна тут, а ў якасці дысклэймеру мы праз коску пералічым асноўнае, у чым абвінавачваюць Дом футбола:

— у дзейнасць БФФ умешвалася дзяржава;

— федэрацыя футбола была заўважана ў палітычнай прапагандзе;

— футбольная адміністрацыя маніпулявала працай суддзяў, якія абслугоўвалі матчы;

— федэрацыя не надала належнай увагі дагаварным гульням, якіх у Беларусі яўна зашмат.

Ну, і іншае — уключаючы тое, што «БАТЭ ў Доме футбола не любяць, а "Шахцёр" і мінскае "Дынама" цягнуць да перамог».

Усё пералічанае статутамі УЕФА і ФІФА забаронена. Пакаранні за падобныя парушэнні прадугледжаны — і яны досыць жорсткія. Аднак ці дойдзе да іх справа? І ўвогуле ці адчулі ў Ньёне і Цюрыху тэктанічныя штуршкі з боку Беларусі?

Пэўны розгалас публікацыя, канечне, выклікала. Нават англійская The Guardian не прайшла міма і зрабіла на гэтую тэму ёмісты адмысловы артыкул. Праўда, з боку УЕФА і ФІФА рэакцыя пакуль зусім млявая. Максімум, што там кажуць, — пытанне знаходзіцца «на разглядзе».

Дык якія ж наступствы могуць быць для БФФ па матывах выкрывальніцтваў БФСС? Паспрабуем спрагназаваць.

Па-першае. Драконаўскіх санкцый на адрас футбольнага Мінска чакаць не варта. У тым сэнсе, што БФФ не пазбавяць членства ў міжнародных структурах, а беларускія зборныя і клубы працягнуць выступаць у еўрапейскіх турнірах.

На драконаўскія санкцыі патрэбна адпаведная палітычная воля, а яе ў прэзідэнта УЕФА Аляксандара Чэферына бракуе. Патрэбна бранябойная і даказальная аргументацыя, а яе справаздачы БФСС усё ж не хапае. Патрэбны зусім ужо зашкварныя паводзіны, а чырвонай рысы футбольная Беларусь, бадай, не дасягнула.

Дасягнуў — прыгадаем для прыкладу і разумення — афрыканскі Чад, які ў красавіку сапраўды патрапіў пад міжнародны футбольны астракізм. Дык там насамрэч улады страх страцілі — узялі і распусцілі мясцовую федэрацыю. Фактычна разагналі кіраўніцтва, якое было абранае і падпарадкоўвалася Цюрыху. Тут ужо ФІФА не меў іншага выйсця, акрамя як дыскваліфікаваць Чад — і заадно ўсе яго зборныя. Але ж і тая ізаляцыя доўжылася нядоўга — нядаўна яе ахвотна скасавалі, пераканаўшыся, што тамтэйшыя дзяржаўныя валюнтарысты ўключылі задні ход.

Беларускія валюнтарысты больш абачлівыя і асцярожныя. І хаця абазнаныя людзі ўпэўненыя, што даклад Фонда цалкам праўдзівы, швейцарскім чыноўнікам гэта яшчэ трэба даказаць. А тыя на слова не вераць — тым патрэбны юрыдычна вывераныя довады і бюракратычна бездакорныя аргументы і факты.

Па-другое. Калі той жа УЕФА дужа зацікавіцца беларускім кейсам, то гэта будзе надта доўгая песня. Гэта будзе важданіна без канца і краю. Стварэнне спецыяльнай камісіі па расследаванні, збор інфармацыі, камандзіроўкі, перапіскі... Еўрапейская бюракратыя працуе так марудна, што чакаць вынікаў можна да Другога прышэсця.

Па-трэцяе. У выпадку, калі УЕФА нават прыме бок БФСС, пакараюць БФФ хутчэй за ўсё паблажліва. Могуць урэзаць фінансаванне. Альбо выключыць з некаторых супольных праграм. Альбо нешта яшчэ, што захавае сённяшні статус-кво.

Захавае — да 2023 года, калі ў Беларускай федэрацыі футбола кіраўніцтва зменіцца натуральным чынам, праз планавую канферэнцыю. Уявіць сабе, што адміністрацыя Уладзіміра Базанава атрымае новы чатырохгадовы тэрмін, амаль немагчыма. Татальны заняпад у беларускім футболе відавочны ўсім.

Дырэктар РЦАП ладзіў пераслед лёгкаатлетаў, але яго звольнілі — аказаўся падпісантам за Бабарыку

Анатоль Макарэвіч. Фота sportedu.by

На сыходзячым тыдні мы сталі сведкамі беспрыкладна дзіўнай гісторыі, якую цяжка было сабе ўявіць нават у паслявыбарнай Беларусі. У чалавека, які служыў сістэме верай і праўдай, раптам з грукатам вываліўся з шафы вялізны шкілет.

Год таму Анатоль Макарэвіч узначаліў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП) па лёгкай атлетыцы. Ён заняў месца дырэктара, папярэдне вызваленае Генадзем Тапуновым, які нібыта не захацеў ціснуць на падначаленых спартсменаў за іх грамадзянскую актыўнасць.

У Макарэвіча, як кажуць, ціснуць атрымлівалася добра, і праз гэта ён быў на добрым рахунку. Тут, здавалася б, гісторыя і кальцуецца, бо колькі было такіх выпадкаў, калі лаяльныя замянялі нелаяльных і сістэма вяртала парушаны ідэалагічны баланс.

Аднак з Макарэвічам баланс не склаўся. Паводле паведамленняў у медыях, на стадыі працягу кантракта бэкграўнд дырэктара яшчэ раз пашкраблі — і выявілася, што перад леташнімі выбарамі ён пакінуў свой подпіс на карысць Віктара Бабарыкі. І ты, Брут... Відаць нешта такое падумалі ў высокіх міністэрскіх кабінетах, і колішні кляцьбіт нязгодных лёгкаатлетаў працы пазбавіўся. Так бы мовіць, з чым змагаўся, на тое і напароўся.

Цяпер ён не свой ні тым, ні гэтым. І застаецца толькі здагадвацца, колькі яшчэ шкілетаў засталося ў шафах адданых дзяржаўных службоўцаў — спартыўных і не толькі.

У футбольных клубах распаўсюджваецца COVID-19, аднак яны працягваюць гуляць

Каронавірус крочыць па Беларусі і не выбірае — пенсіянер ты, кіроўца трамвая альбо футбаліст Вышэйшай лігі. Так і сталася, што завітаў ковід у беларускі футбол. Не ўпершыню, бо было ўжо такое год таму. Нават, здаралася, матчы пераносілі праз складаную эпідэміялагічную абстаноўку.

Зараз не пераносяць. Хаця трывожныя званочкі ўжо гучаць. У жодзінскім «Тарпеда» ёсць выпадкі захворвання, у «Смаргоні» іх некалькі, а ў сталічным «Энергетыку»-БДУ наогул узнік маленькі «чумны барак» — інфекцыю падхапілі сем гульцоў і два трэнеры. Мінчане звярнуліся ў федэрацыю, маўляў, дайце перадых, варта падлячыцца. Перадыху «студэнтам» не далі. Сёння, хто жывы-здаровы застаўся, выйдуць супраць брэсцкага «Дынама».

Фота ФК «Энергетык»

Высновы? Пачакаем з высновамі. Кажуць, чацвёртая хваля яшчэ не выйшла на пік. А з такім легкадумным стаўленнем да «кароны» здароўя футбол беларусам дакладна не дадасць — ні гульцам, ні заўзятарам.

Сталі вядомыя заробкі хакеістаў мінскага «Дынама» — яны ўнушальныя, але і выступае каманда няблага

Галоўны хакейны клуб краіны — мінскае «Дынама» — ніколі не любіў «засвечваць» сваю заробкавую ведамасць, хаця харчуецца ў асноўным з дзяржаўных сродкаў. Але ж у інфармацыйную эпоху шыла ў мяху не схаваеш.

Фота ХК «Дынама-Мінск»

Надоечы расійскае выданне «Спорт-Экспрэс» апублікавала рэйтынг 150 самых высокааплатных хакеістаў Кантынентальнай хакейнай лігі. Пачэснае месца там знайшлося і для лідараў «зубраў». Зразумела, што для легіянераў — яны ў «Дынама» саліруюць традыцыйна.

Так, выявілася, што больш за ўсіх у Мінску зарабляюць канадскі форвард Тэйлар Бек і шведскі абаронца Лукас Бенгтсан. Іх кантракты прадугледжваюць гадавы заробак на ўзроўні 627 тысяч долараў. Крыху менш выпадае на долю іншых шведскіх рэкрутаў — нападнікаў Марыё Кемпе (600 тысяч) і Мальтэ Стрэмваля (557 тысяч).

І хай Аляксандр Лукашэнка штогод крытыкуе хакеістаў і кажа, маўляў, «шальных грошай больш не будзе», аднак на заробкі для дынамаўцаў сродкі неяк знаходзяцца.

Зрэшты, праўда ёсць і ў іншым: сёлета мінскае «Дынама» выступае ў КХЛ вельмі паспяхова. У плэй-оф мусіць выйсці дакладна. А там, можа, нарэшце і пераадолее першы бар’ер.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: