«Справа БелТА»: ператрус у журналіста Паўлюка Быкоўскага
Раніцай 8 жніўня да журналіста Паўлюка Быкоўскага прыйшлі прадстаўнікі Следчага камітэту. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў сам журналіст, інфармацыю пацвердзіў праваабаронца Сяргей Сыс.
Пазней журналіст паведаміў Свабодзе, што да яго прыйшлі па «справе БелТА», але ён ужо шмат гадоў не цікавіўся стужкай навін агенцтва і не мае ніякага дачынення да справы.
Следчыя патлумачылі яму, што прыйшлі рабіць праверку па адрасе, а не да яго асабіста, і што маюць ордэр пракурора. Статуса падазраванага Быкоўскі на гэты момант не мае.
Паўлюк Быкоўскі — актыўны журнлаліст-фрылансер, палітычны аглядальнік, стала працуе мінскім карэспандэнтам радыёстанцыі «Deutche Welle».
Учора па падазрэнні ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі навін дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА сілавікі затрымалі супрацоўнікаў tut.by Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Галіну Уласік, Ульяну Бабаед, Дзмітрыя Бобрыка, Ганну Ермачонак. Таксама была затрыманая журналістка агенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова. Рэдактара БелаПАН Андрэя Сераду пасля ператрусу ў офісе забралі на допыт.