Затрыманні па «справе БелТА» працягваюцца
Як стала вядома Свабодзе, тры журналісты і галоўны рэдактар парталу Realt.by затрыманыя сёння раніцай. Яны чакаюць допыту ў Следчым камітэце.
Сёння раніцай следчыя прыйшлі ў рэдакцыю партала пра нерухомасць Realt.by і забралі журналістаў Ігара Хмару, Марыю Сароку, Алену Маслоўскай і галоўнага рэдактара Уладзіслава Кулецкага ў Следчы камітэт на вуліцы Фрунзэ. Таксама забралі і тэхніку гэтых супрацоўнікаў. Цяпер яны чакаюць допыту.
Сведкам затрымання яшчэ аднаго журналіста Аляксея Жукава стаў карэспандэнт выдання #RFRM. Яго разам з жонкай забралі з дому ў Бараўлянах супрацоўнікі СК.
Realt.by — адзін з найпапулярнейшых парталаў пра нерухомасць у Беларусі. Паводле SimilarWeb, у чэрвені 2018 году на сайце было 1,3 мільёна наведванняў.
Realt.by працуе з 2005 года. На партале публікуецца актуальная інфармацыя ад агенцый нерухомасці, забудоўнікаў і прыватных асобаў аб продажы і арэндзе кватэр, дамоў і камерцыйнай нерухомасці.
Учора па падазрэнні ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі навін дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА сілавікі затрымалі супрацоўнікаў tut.by Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Галіну Уласік, Ульяну Бабаед, Дзмітрыя Бобрыка, Ганну Ермачонак. Таксама была затрыманая журналістка агенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова. Рэдактара БелаПАН Андрэя Сераду пасля ператрусу ў офісе забралі на допыт.
Пазней стала вядома, што Дзмітрыя Бобрыка, Ульяну Бабаед і Андрэя Сераду адпусцілі.