Справа «Экамедсэрвісу»: судзіць будуць гендырэктара, анестэзіёлага і інжынера
Завершаны следчыя дзеянні па справе медыцынскага цэнтра.
«Устаноўлена, што падчас правядзення аперацыі пацыенту была выкарыстана няспраўная анестэзіялагічная апаратура для штучнай вентыляцыі лёгкіх кіслародна-паветранай сумессю, –
паведаміла прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. – Згодна з атрыманамі следствам звесткамі, прычынай смерці пацыенткі Юліі Кубаравай стала амярцвенне кары і шырокіх участкаў
падкоркавых аддзелаў вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу з прычыны кіслароднага галадання галаўнога мозгу, якое развілася пры правядзенні агульнай анестэзіі падчас аператыўнага ўмяшальніцтва і
пасляаперацыйнага перыяду, якая ўскладнілася шэрагам працэсаў, у выніку чаго наступіла паліарганная недастатковасць. Яна і стала непасрэднай прычынай смерці пацыенткі».
Канчатковыя абвінавачванні прад’яўлены генеральнаму дырэктару цэнтра Галіне Валжанкінай і галоўнаму інжынеру інжынерна-эксплуатацыйнага аддзела — службовая халатнасць, якая
пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, урачу анестэзіёлагу-рэаніматолагу — неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць
пацыента.
«Рыхтуецца матываванае прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню дадзенага злачынства, пра якое Следчы камітэт паведаміць дадаткова. Цяпер удзельнікі
крымінальнага працэсу прыступаюць да азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы», – сказала Ганчарова.
Пацыентка «Экамедсэрвісу», 25-гадовая жыхарка Гродна Юлія Кубарава, памерла 23 красавіка ў 4-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы праз чатыры тыдні пасля рынапластыкі,
праведзенай па медыцынскіх і эстэтычных паказаннях у «Экамедсэрвісе» (26 сакавіка). Увесь гэты час яна знаходзілася ў коме.
nn.by