«Справу Бяляцкага» прэзентавалі ў Гродне
Прэзентацыя кнігі пра вядомага праваабаронцу ды палітвязня адбылася ў нядзелю 20 студзеня. Аўтар, журналіст радыё «Свабода» Віктар Каліноўскі, распавёў пра свайго сябра, лідара «Вясны», грамадскага дзеяча і вылучэнца на Нобелеўскую прэмію Алеся Бяляцкага. Кожны жадаючы мог бескаштоўна прыдбаць кніжку «Справа Бяляцкага» — хапіла, праўда, не ўсім.
Прысутныя ўбачылі фоталетапіс жыцця Бяляцкага: ад сустрэчаў на высокім узроўні да цёплых сямейных фота, паслухалі каментары тых, хто ведаў Алеся асабіста: журналіста Андрэя Пачобута, праваабаронцаў Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча ды іншых.
«Бяляцкі заўжды востра адчуваў жыццёвыя патрэбы Беларусі: калі трэба было — ствараў беларускія суполкі, пасля — пайшоў у палітыку разам з БНФ, з 1996 года заняўся праваабарончай дзейнасцю. І зараз ён таксама там, дзе больш за ўсё патрэбны», — адзначыў Віктар Сазонаў.
Андрэй Пачобут дадаў: «Кожны, каго хоць аднойчы арыштоўвалі, мог звярнуцца ў «Вясну»… Бяляцкі сядзіць за тое, што дапамагаў людзям».
«Бяляцкі не з’ехаў, калі мог, а свядома пайшоў выконваць сваю місію. Не кожны так зможа, — сказаў Уладзімір Хільмановіч. — Для мяне ён узор хрысціяніна, сем’яніна, заўжды даваў прыклад паводзін. Ні разу не бачыў, каб Алесь крычаў на супрацоўнікаў, выходзіў з раўнавагі, губляў упэўненасць».
Напрыканцы прэзентацыі Віктар Каліноўскі зазначыў, што кніга ўжо дайшла да свайго героя, за муры бабруйскай зоны: «Бяляцкі даў ёй станоўчую адзнаку, выслаў пэўныя заўвагі, што вельмі прыемна».
Напісаць Алесю Бяляцкаму можна па адрасе:
213807 Магілёўская вобл., Бабруйск, вул. Сікорскага 1, ПК №2, атрад 14
Паводле t-styl.info
Здымкі Яна Лялевіча