Спыніць дзейнасць рэстарана і правесці пракурорскую праверку!
Прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, аб’яднаныя ў межах Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, выступілі з заявай з нагоды будаўніцтва і пачатка працы комплекса «Паедзем-паядзім» ля ўрочышча Курапаты.
«У кастрычніку 2012 г. намеснікам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь В. І. Курашам было вынесенае прадпісанне аб прыпыненні будаўніцтва кампаніяй “БелРестІнвест» аб’екта прыдарожнага сэрвісу да ўзгаднення з міністэрствам культуры адпаведнай дакументацыі. Адной з прычын прыпынення будаўніцтва стаў той факт, што некаторыя пабудаваныя аб’екты знаходзіліся на тэрыторыі ахоўнай зоны “Курапаты”, межы якой былі ўстаноўленыя пастановай №15 ад 12 траўня 2004 года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У той жа час Генеральная пракуратура ў вынесенным прадпісанні прыйшла да высноваў аб самавольным характары будаўніцтва гэтага аб’екта і даручыла Мінаблвыканкаму і Мінскаму райвыканкаму ліквідаваць дапушчаныя парушэнні, прыцягнуць шэраг службовых асобаў да дысцыплінарнай адказнасці. Тым не менш, у 2014 г. па незразумелай прычыне ў пастанову Міністэрства культуры аб вызначэнні межаў ахоўнай зоны месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты” былі ўнесеныя змены, якія скарацілі межы ахоўнай зоны такім чынам, каб у іх не патрапілі будынкі самавольна пабудаванага рэстарана. Такім чынам, асобы, адказныя за парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, не былі прыцягнуты да адказнасці, а незаконны рэстаранна-забаўляльны комплекс атрымаў дазвол на ажыццяўленне дзейнасці», — адзначаецца ў заяве.
«Урочышча Курапаты мае вялікае сімвалічнае і гістарычнае значэнне для г. Мінска і ўсёй Беларусі як месца памяці ахвяр масавых палітычны рэпрэсій 1937-1940-х гадоў. Курапаты былі месцам расстрэлаў і пахаванняў дзясяткаў тысяч жыхароў Беларусі, рэпрэсаваных органамі НКУС. Факт незаконнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты выклікаў рэзка негатыўную рэакцыю шырокай грамадскасці г. Мінска і ў цэлым Рэспублікі Беларусь. Грамадскія актывісты, абураныя незаконнасцю і амаральнасцю з’яўлення рэстаранна-забаўляльнага комплекса ў Курапатах, блакуюць яго дзейнасць».
Прадстаўнікі грамадскасці заклікаюць адказных асоб з Генеральнай пракуратуры, Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама і Мінаблвыканкама прынцыпова паставіцца да ўзнікшай сітуацыі і прыняць адпаведныя дзеянні, у прыватнасці:
- прыпыніць дзейнасць рэстаранна-забаўляльнага комплекса “Паедзем-паядзім” да высвятлення дадатковых абставінаў законнасці будаўніцтва гэтага аб’екта;
- правесці пракурорскую праверку законнасці і абаснаванасці ўнясення зменаў у пастанову Міністэрства Культуры Рэспублікі Беларусь ад 12.05.2004 г. № 15 і змянення межаў ахоўнай зоны месцаў масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”, а таксама іншых рашэнняў дзяржаўных органаў аб узгадненні далейшага будаўнітцва рэстарана “Паедзем-паядзім”;
- адмовіцца ад практыкі прыцягнення да адмініcтратыўнай адказнасці грамадскіх актывістаў, абараняючых ахоўную зону Курапатаў.
Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства аб'ядноўвае больш за 70 беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці. Сярод падпісантаў заявы Улад Вялічка, Міжнародны кансорцыюм "ЕўраБеларусь"; Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр "Вясна"; Раіса Міхайлоўская, ПУ "Беларускi дакументацыйны цэнтр"; Алена Танкачова, Вольга Смалянка, Галіна Чарапок, АУ "Цэнтр прававой трансфармацыі"; Юлiя Мiцкевiч, Арганiзацыя АБФ (Актыўным Быць Файна); Аксана Шэлест, ГА "Цэнтр сацыяльных інавацый"; Таццяна Рэвяка, Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозскава; Таццяна Зялко, ГАБП "Наша пакаленне" і інш.