Стала вядома, калі ў Мінску з'явяцца яшчэ тры станцыі метро
Тры новыя станцыі трэцяй лініі метро плануюць пабудаваць да сярэдзіны 2023-га года. Аб гэтым паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
У сталіцы працягваюць будаваць трэцюю лінію метро: цяпер гаворка ідзе пра станцыі «Аэрадромная» «Немаршанскі сад» і «Слуцкі Гасцінец».
— Стаіць задача скончыць іх будаўніцтва праз 2,5 гады — сказаў першы намеснік старшыні Менгарвыканкама Дзмітрый Мікулёнак.
Зрэшты, у пачатку студзеня гендырэктар "Мінскметрабуда" Леанід Стухальскі казаў, што пакуль са станцыяй «Слуцкі Гасцінец» ёсць праблемы — да асноўных работ там яшчэ не прыступалі. Для будаўніцтва самой станцыі ніяк не могуць знайсці падрадчыка з-за складанай і дарагой тэхналогіі, задуманай праекціроўшчыкамі.
Нагадаем, першы ўчастак трэцяй лініі метро адкрылі 7 лістапада 2020 года. Гэта чатыры станцыі: «Кавальская Слабада», «Вакзальная» , «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча». Трэцяя галінка дадала менскай падземцы два перасадачныя вузлы — на «Фрунзенскай» і «плошчы Леніна».
Паводле tut.by