Стан здароўя Юліі Чарняўскай, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам, значна пагоршыўся
Абарона Юліі Чарняўскай будзе хадайнічаць аб замене хатняга арышту на асабістае даручальніцтва або падпіску аб нявыездзе, піша TUT.BY.
Стан здароўя Юліі Чарняўскай, якая другі месяц знаходзіцца пад хатнім арыштам па «справе TUT.BY», значна пагоршыўся, паведамляе яе адвакат. Ёй неабходныя медыцынскае абследаванне і догляд лекараў, якія ва ўмовах цяперашняй меры стрымання атрымаць немагчыма. Абарона Юліі будзе настойваць на замене хатняга арышту на асабістае даручальніцтва або падпіску аб нявыездзе.
Сілавікі прыйшлі да Юліі праз дзень пасля першай гадавіны з дня смерці яе мужа, заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера. Апошнія гады жыцця Юрыя Анатольевіча для сям'і былі цяжкімі. Юлія Чарняўская прысвяціла ўсю сябе мужу, забыўшыся на час пра сваё здароўе, а калі яго не стала, старыя траўмы і хваробы абрынуліся на яе з новай сілай, разам з пачуццямі смутку, суму і тугі. У адным з інтэрв'ю ўдава Юрыя Анатольевіча прызнавалася, што жыць у ранейшай кватэры стала невыносна і страшна ад пустэчы, якая там утварылася.
— Апошнія гады жыцця Юрыя Анатольевіча, а затым пандэмія каронавіруса не дазволілі Юліі паўнавартасна займацца сваім здароўем і абследавацца. Стан яе здароўя значна пагоршыўся. Ёй неабходныя дадатковыя абследаванні і клопат лекараў. Усё гэта немагчыма атрымаць, знаходзячыся пад хатнім арыштам, — настойвае абарона Юліі Чарняўскай.
18 траўня 2021 года, у дзень заключэння Юліі пад хатні арышт, у яе здарыўся гіпертанічны крыз. Яна страціла прытомнасць і была дастаўлена ў бальніцу, дзе ёй аказалі экстранную медыцынскую дапамогу. Гэта прывяло да таго, што раней дыягнаставаная ў яе рызыка 3 артэрыяльнай гіпертэнзіі другой ступені змянілася на рызыку 4 — самую высокую.
Акрамя таго Юлія пакутуе на бранхіяльную астму, сур'ёзныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Пасля перанесенага ў 2009 годзе цяжкага пералому ступні і найскладанай аперацыі ў шостай ГКБ, калі яна паўгода магла перамяшчацца па хаце толькі на інвалідным вазку, Юлія адчувае пастаянныя моцныя болі ў левай назе. Акрамя таго, маюцца і іншыя сур'ёзныя праблемы з захворваннямі апорна-рухальнага апарата з выяўленым болевым сіндромам.
— Мы вельмі спадзяёмся на тое, што следства аб'ектыўна і старанна падыдзе да разгляду хадайніцтва. Паколькі відавочна, што, улічваючы асобу Юліі Вісарыёнаўны і стан яе здароўя, няма абсалютна ніякіх падстаў меркаваць, што знаходжанне яе ў больш мяккай меры стрымання можа стварыць хоць нейкія праблемы следчым органам, — паведамляе абарона Юліі Чарняўскай.
Абарона таксама падкрэслівае, што Юлія не з'яўляецца і ніколі не з'яўлялася ўладальніцай «ТУТ БАЙ медыя». Яна і супрацоўніцай TUT.BY была крыху і вельмі даўно: пісала сваю калонку, рабіла культуралагічную перадачу «Кругі на вадзе» пра жыццё пісьменнікаў, мастакоў. Размовы пра палітыку ў яе матэрыялах не ішло, датычнасці да працы рэдакцыі або кампаніі яна не мела.
У падтрымку больш мяккай меры стрымання для Юліі Чарняўскай сабраныя хадайніцтвы ад дзесяці паручыцеляў. Сярод іх — сябры, родныя, былыя вучні.
Нагадаем, раніцай 18 траўня дадому да некаторых супрацоўнікаў TUT.BY прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Сілавікі таксама прыйшлі ў офіс кампаніі TUT.BY у будынку «Omega Tower».
Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што ў дачыненні да службовых асоб TUT.BY узбуджаная крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»). У 2019 годзе кампаніяй атрыманы статус рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій (ПВТ). Паводле даных Дэпартамента фінансавых расследаванняў, TUT.BY атрымаў выручку, «не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ».
Мінінфарм абмежаваў доступ да інтэрнэт-рэсурсаў TUT.BY.
На сённяшні дзень па справе TUT. ВУ затрыманыя 15 чалавек: Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Ірына Рыбалка, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандр Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка, Ірына Касцючэнка і Юлія Чарняўская.