Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву асудзілі чацвёрты раз запар

Наваполацкую актывістку Вольгу Брыцікаву, старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан», затрымалі яшчэ 27 лютага падчас галасавання на рэфэрэндуме на выбарчым участку.

Старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольга Брыцікава

Старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольга Брыцікава


13 красавіка Вольга Брыцікава мусіла выйсці на волю, але міліцыянты сказалі, што яна затрыманая на 72 гадзіны. Пазней стала вядома, што яе зноў арыштавалі на 15 дзён. Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, на гэты раз яе асудзілі за допіс «Нет войне» ў Instagram.
Першы раз Вольгу затрымалі падчас галасавання на рэфэрэндуме і абвінавацілі ў фатаграфаванні бюлетэня. У выніку суд пакараў яе 15-дзённым арыштам.
Праз некалькі дзён над Вольгай адбыўся ўжо другі суд. Ёй прызначылі яшчэ 15 дзён арышту за тое, што яна да сваёй курткі прычапіла надпісы: «Не вайне», «Нет войне», «No war».
Трэці раз Вольгу судзілі за паперы з тымі ж надпісамі, толькі ўжо на вокнах кватэры. На судзе яна патлумачыла, што на другім баку аркушаў яна напісала для сябе словы малітвы. Акрамя гэтага, Вольга сказала, што надпісамі на лістах яна выказала сваю думку з нагоды сітуацыі, якая склалася ва Украіне, а свабода выказвання ёй гарантаваная Канстытуцыяй. Вынік — чарговыя 15 дзён арышту.
За кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання горада Ушачы Брыцікава будзе знаходзіцца агулам 60 сутак.
Паводле РС.