Губарэвіча пакаралі за адну акцыю штрафам, а за Багдановіча апраўдалі
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыліся слуханні па адміністрацыйных справах, распачатых у дачыненні да старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.
Справы цягам двух дзён разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. На суд падтрымаць палітыка прыйшлі ягоныя паплечнікі.
Юрась Губарэвіч удзельнічаў у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынка КДБ 7 лістапада і ўшаноўваў памяць паэта Максіма Багдановіча 9 снежня. Абодва мерапрыемства міліцыянты палічылі несанкцыяваным і склалі пратаколы аб адміністратыўным парушэнні (арт. 23.34 КоАП - парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў).
Старшыня Руху “За Свабоду” заявіў, што лічыць удзел у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якую не дазволіў Мінгарвыканкам, сваім грамадзянскім абавязкам і адмовіўся ад далейшых тлумачэнняў. Наконт 9 снежня Юрась Губарэвіч адзначыў, што краіна адзначала 125-годдзе нацыянальнага класіка Максіма Багдановіча. Ён вырашыў прыйсці да помніка паэта, ускласці кветкі, запаліць знічку і пачытаць верш. Са СМІ даведаўся, што памятныя мерапрыемствы былі запланаваны нават афіцыйна. З пратаколам цалкам не згодны. На месцы падзей не было міліцыянтаў у форме, ніхто не папярэджваў пра адказнасць, не прасіў спыніць мерапрыемствы па ўшанаванні памяці паэта.
У якасці сведкаў выступалі супрацоўнікі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама.
Калі па акцыі 7 лістапада пытанняў у суда не было, то наконт адзначэння 125-годддзя Максіма Багданавіча сітуацыя выглядала зусім неадназначнай. Сведкі з боку міліцыі фактычна прызналі, што Юрась Губарэвіч каля помніка Максіма Багдановіча толькі ўшаноўваў памяць беларускага паэта, прачытаўшы ягоны верш і запаліш зніч. Навошта складаўся пратакол аб адміністратыўным парушэнні – незразумела.
27 снежня суддзя вырашыла запатрабаваць у Мінгарвыканкаме расклад афіцыйных мерапрыемстваў па ўшанаванні 125-годдзя Максіма Багдановіча, каб прыняць сёння канчатковае рашэнне.
Суд прызнаў Юрася Губарэвіча вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыяванай акцыі 7 лістапада ды пакараў штрафам у 50 базавых велічыняў і апраўдаў па адміністратыўнай справе, распачатай за ўшанаванне памяці Макісма Багдановіча, паведамляе salidarnasc.org