Століншчына запрашае на ўгодкі паўстання Каліноўскага
Столінскія ўлады дагэтуль не далі адказу адносна надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці помніку вызваленчага паўстання 1863 года. Зрабіць гэта абяцалі яшчэ ў канцы снежня мінулага года. Мемарыяльны знак і крыж знаходзяцца ў вёсцы Калоднае, што ў Столінскім раёне.
Хоць і няма адказу, але стала вядома, што будуць прынятыя меры, каб да 150-годдзя бою паўстанцаў з расійскім войскам прывесці тэрыторыю ў належны стан.
Стараста вёскі Міхаіл Карсека, які звярнуўся з лістом да кіраўніцтва раёна, запрашае гасцей у Калоднае на 150-годдзе: “Хацеў бы запрасіць усіх, хто цікавіцца гісторыяй, прыехаць у гэтыя мясціны, якія будуць адзначаць 150-годдзе з дня тых падзей. Паўстанцы ішлі менавіта сюды, бо ведалі, што іх тут падтрымаюць, што іх тут накормяць. Яны шэсць дзён хадзілі галодныя, нават за грошы ім не прадавалі ежу.
Бой атрада паўстанцаў пад кіраўніцтвам генерала Рамуальда Траўгута ў Калодным адбыўся 11 ліпеня 1863 года. Сем паўстанцаў загінула. У 1974 годзе быў пастаўлены знак, а ў пачатку 2000-х гадоў праўнук удзельніка паўстання паставіў вялізны крыж.
Юрась Палескі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота media-polesye.by