«Стрыптыз — сфера, з якой трэба своечасова сысці». Беларуска пра досвед працы ў польскім стрып-клубе

Аліне 23 гады, яна родам з Мінска. Дзяўчына даўно займаецца танцамі, а чатыры гады таму паспрабавала сябе ў стрыптызе. З'ехала з Беларусі і працавала ў розных еўрапейскіх краінах, атрымлівала добрыя ганарары. У 2023 годзе беларуска апынулася ў Польшчы і вырашыла папрацаваць у гэтай краіне ў сферы стрыптызу, але больш за тыдзень не пратрымалася. Сваю гісторыю Аліна расказала MOST.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

У стрыптыз Аліна прыйшла ў канцы 2020 года ў Беларусі, але пасля вымушана была з'ехаць з краіны. Першы сур'ёзны досвед у танцах з распрананнем беларуска атрымала ўжо за мяжой. Перыядычна яна надоўга сыходзіла са стрыптызу, але пасля вярталася.

«Гэта ўсяго толькі цела»

— Стрыптыз — гэта такая сфера, з якой трэба своечасова сысці. Нельга ўвесь час працаваць у адным месцы, трэба заўсёды нешта мяняць. Мне не страшна было прыходзіць у стрыптыз і распранацца. Цела для мяне не святое і не заганнае. Гэта ўсяго толькі цела. Я далёка не сціплы чалавек, каб мне было некамфортна распранацца на публіцы. А былі дзяўчынкі, якім вельмі цяжка было пачаць. Страх і сарамлівасць.

Аліна лічыць, што стрыптыз — гэта не заўсёды пра ідэальнае цела. Дзяўчына з любымі памерамі можа знайсці сабе кліента.

— На кожнага госця знойдзецца свая дзяўчынка. Знешнасць не галоўнае. У стрыпе можа зарабіць самая непрыкметная дзяўчына. Але калі яна ўмее стасавацца і прыцягваць увагу — гэта яе козыр. Я папрацавала ў розных краінах і магу сказаць, што ў шматлікіх начных клубах ёсць розныя тыпажы дзяўчын: худзенькія і полненькія, высокія і нізкія. А ёсць клубы, дзе ўсё, як на падбор — 90-60-90. Па маіх назіраннях, у паўднёва-азіяцкіх краінах аддаюць перавагу бландынкам з блакітнымі вачыма — славянская знешнасць, мінімум пластыкі. У арабскіх краінах больш увагі дастаецца дзяўчатам з тыпажом «бэбі-фэйс» — гэта значыць з мілымі дзіцячымі тварыкамі, таксама там падабаюцца і дзяўчаты з формамі. У Еўропе больш за ўсё зарабляе тыпаж нахабнай, дамінуючай жанчыны.

Самы вялікі месячны заробак Аліны — 10 тыс. даляраў, а за змену — 1600. У апошнім выпадку яна проста сядзела паўночы ў прыватнай VIP-пакоі з хлопцамі за столікам і піла з імі безалкагольныя кактэйлі. За гэта ёй ішоў працэнт.

— У 6 раніцы клуб зачыняўся, але некаторым кліентам дазвалялі заставацца за падвойную плату ў прыватнай зале. Дык вось, быў у мяне кліент з Расіі, які прадаў сваю кватэру і пайшоў марнавацца ў стрып-клуб. Прасядзелі мы з ім да абеду. Я была яго асабістым псіхолагам.

«За добрага і плацежаздольнага госця ідзе барацьба»

У 2023 годзе Аліна прыехала ў Польшчу, у гэтай краіне ў яе шмат сяброў. Беларуска вырашыла ўладкавацца танцоркай у адзін са стрып-клубаў Варшавы. Хутка прайшла сумоўе, і яе запрасілі на змену.

— На першы погляд, клуб здаўся нядрэнным. Для мяне важная рэпутацыя клуба і супрацоўнікаў. У Польшчы ёсць добрыя і кепскія начныя ўстановы. У першых усё арганізавана на прафесійным узроўні, у дрэнных — вялікая праходнасць выпадковых людзей і дзяўчынкі імкнуцца зарабіць любой цаной.

Пратрымалася беларуска ў польскім начным клубе менш за тыдзень. Кажа, што там вельмі нізкая цана на ўсе паслугі і пры гэтым вялікая канкурэнцыя.

— Такога я не бачыла ў іншых краінах. Танцоркі ідуць на многае, каб зарабіць грошы. А прайс на паслугі пры гэтым нізкі. У іншых краінах можна зарабіць куды больш. У Варшаве за добрага і плацежаздольнага госця ідзе барацьба. Але каб ён плаціў, яго трэба ў караоке-пакой завесці, каб ён замовы рабіў і дарыў падарункі. У сярэднім у Варшаве можна зарабіць каля 500 злотых за змену, але трэба пабегаць. А ў сярэднім – стаўка 120 злотых і далей як павязе. У Польшчы ў клубах ёсць купоны — клубныя даляры. Кліент можа гэтымі купонамі даваць гасцінец дзяўчатам, плаціць за паслугі. І потым гэтыя купоны можна мяняць на сапраўдныя грошы. За ўсё крэйзі-меню можна зарабіць 1000 злотых і нават 2000. Як пашанцуе. Да прыкладу, у Чэхіі 100 еўра ўвогуле лёгка можна зарабіць. Там толькі стаўка — 50 еўра

Глядзіце таксама

Не спадабалася Аліне ў польскім клубе суадносіны гасцей і танцорак: гасцей мала і яны ў асноўным неплацежаздольныя.

— Дурная сістэма: кожныя 30 хвілін — шоу. Заходзіць новы госць — і ўсе дзяўчаты пачынаюць крычаць. Гэта вельмі нізка. У клубе амаль усе дзяўчыны як на падбор — аднолькавы целасклад, яркі макіяж і абавязкова манікюр. У Варшаве працуюць па маскоўскай сістэме: перад зменай правяраюць, каб былі голеныя ногі, чыстая бялізна і кіпцікі. Апроч Масквы, я такога нідзе больш не бачыла. Страчваецца індывідуальнасць, усе як адна. Акрамя гэтага, я заўважыла лютую канкурэнцыю за кліентаў. Нездаровая сітуацыя — і з-за гэтага канфлікты ў калектыве. Я не змагла працаваць у гэтым клубе.

Пасля звальнення Аліна схадзіла яшчэ ў некалькі варшаўскіх клубаў, але і там аказалася падобная сістэма. Тады сваю дзейнасць у стрыптызе беларуска вырашыла часова паставіць на паўзу.

«90% кліентаў прыходзяць у стрып-клуб, каб зняць дзяўчынку»

— Стрыптыз — для мяне не цяжкая праца, гэта невялікая фізічная нагрузка. У Польшчы па графіку лайтова — мінімум чатыры ночы ў тыдзень, а ў іншых еўрапейскіх краінах — шэсць праз адну. Хутчэй, цяжкая яна ў маральным плане. Мне не падабаецца стаўленне да стрыптызу ў Польшчы. Усё вельмі танна. Шмат усяго дазволена. Калі ў іншай краіне за тыя ж паслугі я атрымлівала грошы, дык у Польшчы гэта ўсё бясплатна. Дзяўчынкі прыходзяць на працу пабухаць і паралельна нешта зарабіць. Я не п'ю, і мне гэта не падабаецца. Я не магу сабе дазволіць так апускацца, я заўсёды працавала ў найлепшых клубах розных краін. Сама выбірала клуб пад сябе. Так што пакуль я ўбачыла ў польскіх клубах бл**ства, дзяўчыны сябе не шануюць. Нізка і сорамна танчыць за 10 злотых, пры гэтым цябе яшчэ ўсю аблапаюць. Не, гэта не маё.

Бачыла Аліна ў начных клубах польскай сталіцы і беларускіх дзяўчат. З кімсьці ёй удалося папрацаваць і пагутарыць.

Глядзіце таксама

— Хапае ў Польшчы беларусак, але з рускамоўных больш за ўсё ўкраінак. Чаму нашы дзяўчынкі ідуць у стрыптыз? Цяжка знайсці працу без ведання мовы. Многія згаджаюцца на неафіцыйную працу, пакуль чакаюць дакументы. Ну і думаюць, што ў стрыптызе можна зарабіць. Можна зарабіць, але не кожная можа распрануцца перад публікай. Стрэсава. Каб неяк расслабіцца і не баяцца, у клубах дзяўчатам дазваляюць піць алкаголь — бясплатна падчас працы. Але ў некаторых клубах ёсць ліміты, а ў некаторых — не. Тады ўжо дзяўчынкі тусяць і кайфуюць ад зносін з кліентамі. Даюць сябе чапаць. Ёсць дзяўчаты, якія прадаюць сябе ці падманваюць кліентаў. А 90% кліентаў прыходзяць у стрып-клуб, каб зняць дзяўчынку. Пісьменная дзяўчынка здолее раскруціць на бабкі і нічога не паабяцае, а тыя, хто не можа нічым зацікавіць, пачынаюць ашукваць кліентаў. Потым пачынаюцца скандалы, паліцыя. Такое ёсць у Польшчы.

Беларуска кажа, што ў Варшаве ёсць начныя ўстановы, якія пазіцыянуюць сябе як стрып-клубы, а насамрэч у асобных пакоях падаюць інтымныя масажы, эскорт ці займаюцца прастытуцыяй. У асноўным такое прапануюць клубы пры гатэлях.

Аліна кажа, што яна працуе толькі «чыста»: «Усе мы выходзім з клуба, і там могуць падпільнаваць. Для мяне яшчэ важна, каб у клубе была ахова, якая заўсёды можа дапамагчы».