Студэнт распавёў, што яго збілі дзеля запісу прызнання для канала Азаронка

Студэнта Арцёма Баярскага збілі, каб запісаць прызнанне на відэа для канала Азаронка, — пра гэта ён паведаміў адвакату.

bayarski_arciom.jpg

19-гадовага студэнта другога курса хімфака БДУ Арцёма Баярскага мінулай восенню асудзілі на 15 сутак па «народным» артыкуле 24.23 КаАП, а гэтай вясной — спачатку прысудзілі 25 сутак па тым жа артыкуле, а потым прад'явілі абвінавачанні ў «стварэнні альбо кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем».

Арцёма Баярскага спачатку звезлі з інтэрната раніцай і прысудзілі ўжо 25 сутак па тым жа артыкуле, а потым не выпусцілі з ІЧУ, а перавялі на «Валадарку» і прад'явілі абвінавачанні па арт. 361-1 ч.1 Крымінальнага кодэкса. Каб атрымаць відэа для тэлеграм-канала Азаронка, дзе студэнт прызнаецца ў адміністраванні пабліка, Арцёма збілі.

Хімік, які грае Джопліна

Арцём родам з Гродна. Ён скончыў школу з залатым медалём і паступіў на хімічны факультэт БДУ.

— У яго заўсёды была мара — стаць не проста навукоўцам-хімікам, а прыносіць сваімі вынаходніцтвамі карысць чалавецтву, — распавядаюць родныя Арцёма. — Напрыклад, яму цікавая тэма распрацоўкі лекаў: ён усё хвалюецца, што, пакуль скончыць вучыцца, усе лекі ўжо прыдумаюць і яму нічога не застанецца.

Да гэтай мэты хлопец ішоў са школы: дадаткова займаўся хіміяй па вечарах і выхадных, удзельнічаў у алімпіядах, дзе цікавей за ўсё яму была практычная частка. У восьмым класе ён выступаў на рэспубліканскай алімпіядзе за дзявяты клас і атрымаў там дыплом другой ступені.

Другое захапленне Арцёма — музыка. Да 11 класа ён займаўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Поўны варыянт «Рэгтайма кляновага ліста» Скота Джопліна — досыць складанага тэхнічна твора — хлопчык граў ледзь не з заплюшчанымі вачыма з сёмага класа. Таксама ён любіць слухаць і граць класічныя творы Шапэна, Бетховена, Дэбюсі.

Арцёму забароненыя фізічныя нагрузкі: у яго дысплазія (недастатковасць) аартальнага клапана, рэгургітацыя 1-2 ступені. Таму раз у паўгода-год яму неабходна рабіць УГД і сачыць за дынамікай захворвання.

— Ён вельмі спагадлівы і добры чалавек, — распавядаюць сваякі хлопца. — У сям'і дастаткова даверлівыя адносіны: з першага курса ён амаль кожныя выхадныя прыязджае дадому, нават калі на другім курсе лабараторныя заняткі паставілі на суботу. Дома ён тлумачыць хімію і малодшаму брату Сашы, якому цяпер 14 гадоў — ён адказна да гэтага падыходзіць. Падчас сесіі да яго па дапамогу звярталіся нават хлопцы са старэйшых курсаў: ён ніколі не адмовіць у дапамозе. Зараз аднакурснікі падтрымліваюць і кажуць, што вельмі сумуюць па ім.

Паўгода пераследу

У першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада пасля Маршу сталых людзей. Але затрымлівалі яго не ў месцы правядзення Маршу, а калі ён ужо вяртаўся ў інтэрнат: на выхадзе з метро яго чакаў бус з людзьмі ў чорным. Маладога чалавека зацягнулі ў машыну і збівалі. І, хоць праз 15 сутак, на якія яго асудзілі, сляды збіцця не былі прыкметныя, ён распавядаў, што бачыў у сябе сіняк пад вокам. Акрамя гэтага, у яго балелі пальцы і сківіца.

— Пасля першага затрымання ў яго быў моцны псіхалагічны стрэс, — успамінаюць родныя. — Ён баяўся бусаў, якія праязджаюць міма, увесь час казаў пра гэта. Мы ўсе тады цяжка перажывалі: мора слёз, бяссонныя ночы. Але нават пасля таго, што здарылася, Арцём здаў сесію на сярэдні бал 9. Мы перажылі гэта.

Але 24 сакавіка, у дні шматлікіх прэвентыўных затрыманняў перад Днём Волі, за Арцёмам прыйшлі зноў: гэтым разам а 6.30 раніцы ў інтэрнат. Хлопцаў паклалі на падлогу, але забралі толькі Арцёма. Нібыта на 11 паверсе заўважылі сцяг.

25 сакавіка ў тэлеграм-канале Азаронка з'явілася відэа, на якім Арцём прызнаецца ў адміністраванні пабліка. Каб прымусіць яго сказаць гэта на відэа, Арцёма білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах. Гэта падчас допыту 19 красавіка Арцём паведаміў адвакату.

Арцём павінен быў выйсці на свабоду 18 красавіка. Але 16 красавіка бацькам патэлефанавала следчая і сказала, што Арцём затрыманы як падазраваны паводле арт. 361-1 ч.1. Яго перавялі на «Валадарку», а 26 красавіка прад'явілі абвінавачанне па гэтым жа артыкуле.

— Цяпер Арцём зноў прастыў: наколькі мы зразумелі, праз тое, што ён памыў галаву і яго прадзьмула. У яго з дзяцінства вельмі цяжка праходзіць кашаль, а лекі ўзялі не ўсе. На здароўі сямейнікаў сітуацыя таксама моцна адбіваецца. Перадачы цяпер у асноўным адвозіць дзядуля Арцёма, у якога цукровы дыябет, а нядаўна ён перанёс інфаркт... Нейкія бясконцыя слёзы цякуць ад гэтай безвыходнасці: хочаш дапамагчы — і не ведаеш, што зрабіць, — паведамляюць родныя.

spring96.org