Студэнтаў па-ранейшаму адлічаюць за грамадскую дзейнасць
Пратэстная вясна ў Беларусі яскрава паказала, што праблема адлічэння студэнтаў з універсітэтаў па палітычных матывах усё яшчэ застаецца актуальнай.
Падчас канферэнцыі “Падаць
рэпрэсіям урок”, якая адбылася ў Мінску, прадстаўнікі студэнцкіх і
праваабарончых арганізацый абмяркоўвалі магчымыя шляхі вырашэння дадзенай
праблемы.
Арганізатар канферэнцыі, сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцер Салаўёў адзначыў, што асноўным вынікам мерапрыемства стала падпісанне супольнага звароту беларускіх няўрадавых арганізацый да замежных партнёраў беларускіх універсітэтаў. У звароце актывісты просяць іх станоўча паўплываць на стан акадэмічных свабод у Беларусі.
— Асноўны вынік канферэнцыі ў тым, што арганізацыі падпісалі дадзены зварот да беларускіх партнёраў — універсітэтаў за мяжой. Таму што, як паказала практыка, калі не рабіць такіх крокаў з патрабаваннем спыніць прэсінг на студэнтаў, змяніць дадзеную рыторыку, калі ўніверсітэты з аднаго боку атрымліваюць фінансаванне на свае праекты, з другога боку яны выганяюць студэнтаў за грамадскую дзейнасць. І гэта не правільна. Мы бачым, што не дасягаюць плёну дадзеныя праграмы. Мы будзем працаваць над тым, каб надалей сітуацыя змянілася да лепшага.
Падпісанты звароту просяць міжнародную супольнасць паўплываць на палітыку беларускіх універсітэтаў, і ў першую чаргу, гэта датычыцца патрабавання аднаўлення ўсіх адлічаных за грамадскую дзейнасць студэнтаў.