Суд ліквідаваў ААТ «Гродна Лайф Медыя», якому належаў партал «HrodnaLife»

Арганізацыю, якой належыць гродзенскі незалежны інтэрнэт-партал «HrodnaLife», трэба ліквідаваць да 30 лістапада. Такое рашэнне сёння вынес эканамічны суд Гродзенскай вобласці, паведамляе «Свабода».

0aa52857_e03b_4616_9419_58310e3fd56b_cx34_cy19_cw65_w1023_r1_s.webp

Справу разглядала суддзя Марына Рослік, пракурор — Віктар Казак. Прысутнічалі прадстаўнікі Гродзенскага гарвыканкама Аляксей Апановіч і Сяргей Тыбулевіч.

Пракурор Віктар Казак адзначыў, што ліквідаваць арганізацыю можна праз суд, калі яна раней парушала закон. У якасці аргументаў ён прыгадаў, што арганізацыю, а таксама журналістку «HrodnaLife» неаднаразова судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі». Да таго ж, пракурор нагадаў, што прадукцыю тэлеграм-канала «HrodnaLife» суд раней прызнаў экстрэмісцкай.

Прадстаўнікі Гродзенскага гарвыканкама падтрымалі пазіцыю пракурора.

Прадстаўнікоў ААТ «Гродна Лайф Медыя» на пасяджэнні не было, яны ўдзельнічаюць у медыяфоруме, аднак пасяджэнне праз гэта не перанеслі.

Агульная колькасць штрафаў, якімі пакаралі арганізацыю і журналістаў сайта, склала амаль 30 тысяч рублёў.

Арганізацыя «Гродна Лайф Медыя» была зарэгістраваная ў ліпені 2020 года.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый.

Пад пагрозай існаванне дзясяткаў асветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, даследчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.