Чыноўнік райвыканкама ў Мінску атрымаў тры гады калоніі за ўдзел у пратэстах і за абразу Лукашэнкі

У судзе Ленінскага раёна Мінска прайшоў разгляд крымінальнай справы супраць начальніка фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна Юрыя Сянькова.

Юры Сянькоў, скрыншот з архіўнай перадачы тэлеканала «Мир»

Юры Сянькоў, скрыншот з архіўнай перадачы тэлеканала «Мир»


Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 342 («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года, і 368 («Абраза прэзідэнта») — за рэпост у Тэлеграме.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», Сянькоў атрымаў тры гады калоніі агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік, бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляла пракурорка Юлія Даўгала.
Юрыя Сянькова затрымалі 30 красавіка. Яго пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту. Потым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе.
Паводле абвінавачання, Юрый Сянькоў браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Мінску 16 і 23 жніўня 2020 года, не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў руху транспарту, парушаў грамадскі парадак з мэтай выказвання грамадска-палітычных поглядаў, публічна выкрыкваў лозунгі, пляскаў, размахваў рукамі. Таксама ён публічна абразіў Аляксандра Лукашэнку: а менавіта апублікаваў паведамленне, дзе ўтрымліваліся словы: «Объясняю президенту Лукашенко: возмездие за преступление неизбежно», а таксама «Ублюдок».
Акрамя таго, «Мінсктранс» падаў пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ад прастою транспарту ў тыя дні ў памеры амаль 10 000 рублёў.
Паводле «Радыё Свабода»