У Ваўкавыску праходзіць суд за паведамленне ў тэлеграм-чаце. За арганізацыю беспарадкаў мужчыну пагражае да 15 гадоў калоніі
У судзе Ваўкавыскага раёна разглядаецца крымінальная справа па артыкуле за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) у дачыненні да інжынера Андрэя Крылова. Мужчыну судзяць за паведамленне ад 15 лістапада ў тэлеграм-чаце «Банда лукі», у якім ён нібы заклікае да масавых беспарадкаў. На судзе Крылоў віну не прызнае. Мужчыну трымаюць пад вартай, яму пагражае пакаранне ад пяці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Мікалай Талашка з народнымі засядацелямі Вольгай Аляшкевіч і Надзеяй Лойка. Дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Дзмітрый Занімоўскі.
У чым абвінавачваюць мужчыну?
Паводле версіі абвінавачання, 15 лістапада 2020 прыкладна ў 10 гадзін 10 хвілін Андрэй Крылоў, «знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у памяшканні дзяржаўнай установы адукацыі "Свіслацкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства", і іншых нявызначаных месцах на тэрыторыі горада Свіслач (куды прыехаў у камандзіроўку), выкарыстоўваючы ў якасці сродку для дасягнення злачынных намераў і мэт мабільны тэлефон, які яму належыць, і іншыя нявызначаныя праграмы, і тэхнічныя сродкі, і прылады тэлекамунікацыі з доступам да глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт, дзейнічаючы наўмысна і супрацьпраўна, з'яўляючыся актыўным удзельнікам тэлеграм-чата "Банда лукі" з мэтай узбуджэння сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, дыскрымінацыі ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, падрыву даверу і ўзнікнення варожасці да іх, знявагі іх гонару і годнасці, узмацнення нецярпімасці, падбухторваў карыстальнікаў месенджара Тэлеграм да правядзення ў нявызначаны час у нявызначаным месцы.
Узбуджаючы ў карыстальнікаў Тэлеграма рашучасць да ўдзелу ў масавых беспарадках, маючы намер справакаваць уцягванне натоўпу ў масавыя беспарадкі, якія суправаджаюцца масавымі пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, шляхам размяшчэння ў чаце ў вольным доступе для публічнага прагляду іншымі карыстальнікамі Тэлеграма ў матэрыялах публіцыстычнага характару, што з'яўляецца экстрэмісцкім і змяшчае інфармацыю з негатыўнай ацэнкай асоб па прыкмеце сацыяльнай у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў прыналежнасці, наступнага зместу:
Словы ў паведамленні кваліфікавалі па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады»).
Андрэй Крылоў віну не прызнаў.
Што на судзе гаворыць абвінавачаны?
Падчас допыту Крылоў заявіў, што паведамленні, якія яму ставяцца ў віну, ён не пісаў, паколькі ён «асоба не публічная». На судзе абвінавачаны сказаў, што 15 лістапада ён не карыстаўся ніякімі месенджарамі і нават інтэрнэтам. Суду ён таксама растлумачыў, што тэлеграм выкарыстоўваў толькі ў працоўных мэтах. 15 лістапада ў 10:10 у стане алкагольнага ап'янення ён не быў.
На судзе ў абвінавачанага спыталі, ці ўдзельнічаў ён калі-небудзь у масавых мерапрыемствах і ці размаўляе з кімсьці на палітычныя тэмы.
«Не, я ніколі не прымаў [удзелу ў пратэстах]. У мяне няма ні сяброў, ні знаёмых ні па гэтай частцы, ні па нейкай іншай частцы. Я папрацаваў — і іду дадому. У мяне сельская гаспадарка: коз мы трымаем, авечак. Карацей, вялікая гаспадарка і няма часу падтрымліваць адносіны.
Я нейтральны чалавек. І настолькі далёкі ад гэтых схем. Мяне гэта не цікавіць. Я ўбаку ад палітыкі. Я патрыёт сваёй краіны, у якой жыву», — расказаў абвінавачаны.
Суд па справе працягваецца.
Паводле spring96.org