Суд не задаволіў скаргу затрыманага журналіста «Белсату» Аляксандра Баразенкі

Суддзя гарадскога суда Мінску не прыняў доказы невінаватасці Аляксандра Баразенкі і пакінуў папярэднее рашэнне суддзі Маскоўскага суда Таццяны Мотыль. Журналіста не вызваляць. Ён застаецца на Акрэсціна.

4ef5f617_220d_428c_9c6c_d94781d287f3_cx10_cy9_cw76_w1023_r1_s.jpg


27 сакавіка аператар быў пакараны арыштам за тое, што падчас акцыі у Дзень Волі нібыта нецэнзурна лаяўся.
Аднак відэазапіс з камеры Баразенкі ў момант затрымання яскрава сведчыў пра тое, што нічога падобнага журналіст не рабіў. Нягледзячы на гэта спачатку суддзя Маскоўскага суда Мінска Таццяна Мотыль, а цяпер і Мінскі гарадскі суд прызнаў аператара вінаватым. Сведкамі ў справе выступалі супрацоўнікі мінскага АМАП Міхаіл Варывончык і Арцём Міхалевіч.
Разгляд справы ў Мінскім гарадскім судзе праходзіў без прысутнасці Аляксандра Баразенкі, які адбывае пакаранне на Акрэсціна. Яго інтарэсы прадстаўляла адвакат.
У няволе Аляксандр Баразенка п’е толькі ваду, сокі і турэмную гарбату: ён аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту супраць несправядлівага арышту.
З асуджэннем рашэння ў дачыненні Аляксандра Баразенкі, а таксама іншых журналістаў выступілі многія журналісцкія арганізацыі свету, а Нацыянальны саюз журналістаў Украіны нават звярнуўся з афіцыйным лістом у гэтай справе да Аляксандра Лукашэнкі.
Сябры і калегі збіраюцца сустракаць Аляксандра Баразенку пасля 15-суткавага арышту ў нядзелю а 15:10 ля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (менавіта такі час пазначаны ў пратаколе).
Паводле baj.by