Судаленка: дзяржсімволіка на перадвыбарным пікеце не з'яўляецца парушэннем

Актывіст у Гомелі Андрэй Аксёнаў лічыць парушэннем закона аб дзяржаўных сімвалах прысутнасць настольнага варыянту сцяга на вулічным пікеце па зборы подпісаў выбаршчыкаў у кандыдата па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе №34 Паўла Ждановіча. Гомельскі юрыст Леанід Судаленка парушэнняў не бачыць і тлумачыць чаму.

piket_1.jpg

Юрыст адзначае, што нацыянальны закон пра дзяржаўныя сімвалы з'яўляецца недасканалым, бо не змяшчае вычарпальнага пераліку, пры якім выкарыстанне дзяржаўнага сцяга забараняецца. Закон толькі паказвае, што «настольны варыянт сцяга можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якiя выкарыстоўваюцца арганiзацыямi i грамадзянамi».

«Норму закона «можа быць» варта разумець рэкамендацыйнай. Заяўляючы аб парушэнні таго ці іншага права варта выразна разумець пра тое, што недастаткова абмежаваць права нормай закона, неабходна яшчэ ў кожным канкрэтным выпадку даказаць, для дасягнення якой мэты на права грамадзяніна ўводзіцца тое ці іншае абмежаванне», — пракаментаваў сітуацыю Леанід Судаленка.

Праваабаронца дапоўніў, што любыя абмежаванне правоў грамадзянін прапісаны ў артыкуле 23 Канстытуцыі, таму той, хто лічыць прысутнасць дзяржсымболікі падчас збору подпісаў выбаршчыкаў парушэннем, абавязаны даказаць, чаму гэта абмежаванне неабходна ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

 Паводле сайта Гомельская вясна