Судовыя выканаўцы пагражаюць адключыць тэлефон Віталя Рымашэўскага
Судовыя выканаўцы пагражаюць адключыць мабільны тэлефон сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага ў якасці спагнання штрафу за арганізацыю Дня Волі 25 сакавіка.
«Днямі даведаўся, што мяне тэрмінова шукаюць судовыя выканаўцы. Прыйшла позва з пагрозамі адключыць мабільную сувязь. Як выявілася, за арганізацыю Дня Волі 25 сакавіка. Раённы суд мяне аштрафаваў. Пасля я падаў апеляцыю ў Мінскі гарадскі суд. Пра вынікі мне не паведамілі. Вось цяпер раптам пагражаюць адключыць мабільную сувязь», — адзначыў ён.
«Я звязваю гэта з тым, што мой нумар мабільнага ўказаны на шматлікіх улётках сёлетняй кампаніі. І вельмі шмат тэлефанаванняў ідзе з усіх куткоў Беларусі», — падкрэсліў палітык.
Паводле bchd.info