Судовыя выканаўцы патрабуюць высялення пратэстанцкай царквы «Новае жыццё»

Судовыя выканаўцы склалі адміністрацыйны пратакол на кіраўніцтва мінскай пратэстанцкай царквы «Новае жыццё».

Віталь Антончыкаў

Віталь Антончыкаў


Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на агенцтва БелаПАН, упраўленне прымусовага спагнання Мінгарвыканкама патрабавала ад абшчыны вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да 31 снежня мінулага году. У іншым выпадку пагражалі прымусовым высяленнем 5 студзеня.

На 10-ю гадзіну царква абвясціла малітоўнае служэнне, на якое сабралася дзве сотні вернікаў. Следам з’явіліся судовыя выканаўцы.

«Прыязджалі два судовыя выканаўцы і з імі прадстаўнікі ЖРЭА Маскоўскага раёну, — сказаў адміністратар царквы Віталь Антончыкаў. — У будынак яны не пайшлі, я і пастар Вячаслаў Ганчарэнка выйшлі да іх. Запыталіся, ці збіраемся высяляцца, мы адказалі, што не. Пасля гэтага судовыя выканаўцы склалі пратакол, што мы не выканалі прадпісанне. Пастар, я і прадстаўнікі ЖРЭА яго падпісалі».

16 студзеня 2019 года адбылося грамадскае абмеркаванне плану на ўнясенне зменаў у горадабудаўнічы праект мікрараёну Сухарава. Дакумент прадугледжвае будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы царквы «Новае жыццё» мяркуецца ўзвесці школу.

Выселіць вернікаў з будынка, які прыхаджане перабудавалі на свае сродкі ў пачатку 1990-х, Мінгарвыканкам спрабуе 15 гадоў.

«У прынцыпе, мы ад самага пачатку не хацелі збірацца ў хляве (царква месціцца ў будынку разбуранага кароўніка), хацелі на гэтым месцы пабудаваць прыгожы будынак. Магчыма, нам прапануюць нейкую іншую зямлю. Мы не ведаем, як будуць развівацца падзеі, але ў любым выпадку ўжо проста плануем, што будзем будаваць новы будынак — прыгожы і сучасны», — сказаў Віталь Антончыкаў.

У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстання зямельным участкам, нягледзячы на тое, што ён быў выдзелены ёй бестэрмінова. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці, у кастрычніку 2006-га вернікі правялі пост-галадоўку. Месяц галадоўнікі змянялі адзін аднаго, знаходзячыся ў будынку.

Сітуацыя атрымала шырокі міжнародны рэзананс: у абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, краіны Еўрасаюза, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні. Тады ўладам давялося адступіць.