«Суды ў нас выдатныя і выконваюць тыя задачы, для якіх створаны — вырашаць праблемы ўладаў»

Улады заклапаціліся эканомікай будучага, робячы стаўкі на інвестыцыі і прыватны бізнес. Аднак эксперты ўпэўненыя, што пачынаць трэба зусім з іншага.

sud_7.jpg

Чаму краіне патрэбныя не новыя законы для бізнесу, а змена судовай сістэмы.

«Пакуль няма незалежнага суда, ніхто не рызыкне ўкладаць у Беларусь грошы»

Прадпрымальнік, магістр эканомікі Віктар Яўмененка ўпэўнены: галоўная праблема ў тым, што ў Беларусі адсутнічае незалежны суд, і ніякія нават самыя прагрэсіўныя законы ў сферы бізнесу не будуць спрыяць развіццю эканомікі.
— Мы не можам казаць аб тым, што ў нас дрэнная заканадаўчая база ці не хапае яшчэ нейкіх нарматыўных актаў. Самая вялікая наша праблема ў тым, што ў нас няма судоў, — адзначыў эксперт падчас дыскусіі ў Клубе інтэлектуальных зносін. — Дастаткова зрабіць незалежным суд, і сітуацыя адразу зменіцца. Гэта пацягне за сабой і эканамічныя рэформы, і мадэрнізацыю, і прыватызацыю.
У якасці прыкладу эканаміст прывёў сітуацыю, калі прыватная асоба магла б падаць у суд на дзяржаўнае прадпрыемства за тое, што яно запазычыла грошы, і выйграць яго.
— Гэтыя прадпрыемствы-зомбі, якія фактычна з'яўляюцца таксічным актывам, атрутным для эканомікі, не вытрымалі б гэтага прыгнёту судовых пазоваў. Неўзабаве яны проста абанкруціліся б, таму што не змаглі б вярнуць гэтыя запазычанасці, — тлумачыць Віктар Яўмененка. — І, паверце, і прыватызацыя, і мадэрнізацыя прайшлі б самі сабой. Не трэба нават чапаць заканадаўчую або выканаўчую ўладу, толькі зрабіць суд незалежным.
Да таго часу, пакуль гэтага не адбудзецца, разлічваць, што ў краіну хлыне прыватны капітал або пацякуць інвестыцыі, проста не прыходзіцца.
— Каб недзяржаўны капітал сюды прыйшоў, інвестар павінен быць упэўнены, што закон будзе на баку справядлівасці. А пакуль няма незалежнага суда, ніхто не рызыкне ўкладаць грошы, — заключае Віктар Яўмененка.

«Суды ў нас выдатныя. Яны выконваюць тыя задачы, для якіх створаны»

Няправільна казаць, што суды ў Беларусі не працуюць, пярэчыць палітолаг Алег Краўцоў.
— Але яны частка дзяржаўнай сістэмы і таму працуюць менавіта так, як трэба ёй, а не нейкаму прыватніку, які хоча выбіць з дзяржавы грошы, — адзначае эксперт.
Зрабіць суды незалежнымі — гэта значыць разбурыць дзяржаўную сістэму.
— Але трэба разумець, што ў нас дэфіцыт грошай і гэты дэфіцыт будзе нарастаць. Дзе іх узяць? Захад іх проста так не дае, а патрабуе рэформаў, ды і Расія таксама патрабуе пайсці на пэўныя саступкі, — адзначае палітолаг. — Сёння задача дзяржавы знайсці грошы і пры гэтым захаваць сябе такіой, якой яна ёсць. Але як гэта зрабіць? І пытанне з судамі — гэта пытанне ў першую чаргу палітычнае.
На думку сацыёлага Сяргея Нікалюка, беларусы самі вінаватыя ў такой сітуацыі.
— Трэці артыкул Канстытуцыі абвяшчае, што адзінай крыніцай улады ў краіне з'яўляецца народ. Чаму ён не працуе? Таму што народ сам гэтага не захацеў, — лічыць сацыёлаг. — У нас у краіне грамадства ў сучасным разуменні няма. І таму мы маем менавіта гэту дзяржаву і пры ёй тыя суды, якія ёй і ствараюцца.
Сяргей Нікалюк упэўнены, што Беларусь — станавае грамадства і прадстаўнікі судовае сістэмы — гэта адно з такіх саслоўяў.
— Саслоўі ствараюцца дзяржавай, уладай і іх існаванне вызначаецца iншымi законамі. У нас пенсійнае забеспячэнне ў кожнага саслоўя рознае, у чыноўніка, напрыклад, пенсія нашмат больш, чым у прафесара. Ствараюцца паліклінікі для саслоўяў, сфера абслугоўвання для саслоўяў, — тлумачыць эксперт. — І суды ствараюцца дзяржавай для вырашэння праблем ўлады, а не нашых з вамі. І ў гэтым плане суды ў нас выдатныя. Яны выконваюць тыя задачы, для якіх створаны. Але вось ці вырашыць гэта нашу агульную праблему, вялікае пытанне.
Паводле Заўтра тваёй краіны