Супраць блогера Сяргея Пятрухіна распачалі крымінальную справу

Сяргей Пятрухін не ведае, каго ён абразіў, але не сумняецца, што такім чынам улады помсцяць за яго антыкарупцыйныя расследаванні.

bloger_syargej_pyatruhin_galosna_660x440.jpg


Пра гэта «народны рэпарцёр» даведаўся 24 ліпеня, калі атрымаў позву са Следчага камітэту.

З дакументу вынікала, што Пятрухіну было неабходна раніцай 23 ліпеня з’явіцца ў Берасцейскім міжраённы аддзел Следчага камітэту. Таксама паведамлялася, што супраць блогера распачаты крымінальны працэс. Справа заведзена па ч. 2 арт. 189 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Абраза»). Санкцыя артыкулу прадугледжвае штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Сам Пятрухін не ведае, каго ён абразіў, але не сумняецца, што такім чынам улады помсцяць за яго антыкарупцыйныя расследаванні.

«Думаю, гэта звязана з крытыкай гарадскіх і абласных уладаў, і міліцыі. І, хутчэй за ўсё, менавіта міліцыі. Будзем цяпер разам з адвакатам абараняцца», — заявіў belsat.eu Сяргей Пятрухін.

Праваабаронца Раман Кісляк адзначае, што пакуль пра абставіны справы вядома мала:

«Адзінае, што пакуль можна сказаць дакладна — ёсць факт завядзення крымінальнай справы супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Не зразумелая сутнасць падазрэнняў, таму пакуль складана нешта каментаваць».

belsat.eu