Супраць палітвязня Руслана Кузьміча ўзбудзілі новую крымінальную справу
Праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня Руслана Кузьміча распачалі новую крымінальную справу паводле артыкула 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады».

Два тыдні таму жонцы Руслана паведамілі, што яго перавозяць у баранавіцкі ІЧУ, бо нібыта ён праходзіць сведкай па нейкай крымінальнай справе. Але ў выніку стала вядома пра справу супраць Руслана.
Нагадаем, жыхара Навагрудка прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Паводле звестак следства, 3 кастрычніка 2021 года ў адным з "дэструктыўных тэлеграм-каналаў" ён пакінуў каментар "у падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці і выкарыстання зброі" пад відэа, у якім дэманструецца выкарыстанне зброі. Кузьміча асудзілі да трох гадоў калоніі.
Падтрымаць Руслана: СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В, Руслану Уладзіміравічу Кузьмічу.