Супраць Вольгі Вялічка распачалі другую крымінальную справу

Па першай справе ёй пагражае да 10 гадоў, па другой — 4.

Вольга Вялічка

Вольга Вялічка

«Аператыўнікі ГУБАЗіКа ўстанавілі, што 37-гадовая Вольга Вялічка датычная да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», — паведаміў 4 жніўня Telegram-канал прэс-сакратара МУС Беларусі. Такімі дзеяннямі палічылі ўдзел дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса ў леташнім «Маршы адзінства». Узбуджаная крымінальная справа. Вольга Вялічка мае статус падазраванай.
«Разам з іншымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства жанчына выходзіла на праезную частку, блакуючы рух, а таксама стаяла ў счэпцы, аказваючы непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянтаў», — апісвае сітуацыю Telegram-канал прэс-сакратара МУС Беларусі.
Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра артыкул 342 КК. Пакаранне па ім — да 4 гадоў пазбаўлення волі.
Раней Вольга Вялічка апублічыла інфармацыю, што яе кватэру ў Гродне выявілі, а яе саму ўнеслі ў спісы Інтэрпола.

Вялічка: за эпізод на «Маршы адзінства» ужо затрымлівалі, а абвінавачванні ў злоўжыванні беспадстаўныя

Для Hrodna.life Вольга пракаментавала, што за эпізод на «Маршы адзінства» яе ўжо затрымлівалі і судзілі ў кастрычніку 2020 года. Тады яна правяла ноч у ІЧУ і заплаціла штраф 15 базавых велічынь (405 рублёў на кастрычнік 2020 года). Пасля гэтага Вялічка пакінула Беларусь.
У адказ на згадку пра нібыта прысвоеныя сродкі, сабраныя для пакупкі ШВЛ і рамонту памяшканняў хоспіса, і пра злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры, Вялічка кажа, што абвінавачанні беспадстаўныя:
«Мне вядома, што Следчы камітэт звяртаўся да замежных партнёраў дзіцячага хоспіса і атрымаў ад іх дакументы, якія пацвярджаюць куплю апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ). Рамонтныя работы ў адным з памяшканняў хоспіса таксама пацверджаныя дакументальна».
Па гэтай крымінальнай справе пакаранне можа быць да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Дзіцячы хоспіс працягвае працу

Вольга Вялічка за мяжой працягвае працу па развіцці сістэмы паліятыўнай дапамогі дзецям і дарослым. У ліпені яна працавала ў складзе аргкамітэта міжнароднай канферэнцыі «Развіццё паліятыўнай дапамогі ў Беларусі, Літве і Польшчы». Мерапрыемства прайшло 23 ліпеня.
Дзіцячы хоспіс працягвае сваю дзейнасць, нягледзячы на ​​праблемы з памяшканнямі. Два з трох месцаў, дзе працавалі з дзецьмі, цяпер недаступныя да выкарыстання.