Супрацоўнікі КДБ Беларусі шантажавалі жыхара Літвы

Грамадзянін Літвы пагадзіўся супрацоўнічаць з беларускім КДБ праз пагрозу з боку агента.



kdb_bielarus.jpg

Жонка Рамуальда Ліпскіса, якога падазраюць у шпіянажы на карысць Беларусі, распавяла, што за паўгода да затрымання муж значна змяніўся. Жанчына прызналася, што ў савецкія часы сама працавала ў КДБ, але пасля таго, як Літва атрымала незалежнасць, ніхто не пытаўся ў яе пра ранейшае месца працы, паведамляе zw.lt.
З 1986 года жанчына працуе ў дзяржаўнай авіякампаніі «Oro navigacija», дзе перад затрыманнем працаваў таксама яе муж. Яна распавяла на судзе, што ў часы СССР восем месяцаў была тэлефаністкай у КДБ, бо ёй пасаваў графік працы. «Пазней я пайшла ў дэкрэтны адпачынак і на працу ўжо не вярнулася», — распавяла жонка абвінавачанага.
Паводле яе сведчанняў, за паўгода да затрымання, муж пачаў вельмі дзіўна сябе паводзіць: ужываў алкаголь, паліў і ўсюды яе суправаджаў. «Я нават падумала, што ён захварэў», — распавяла жанчына, дадаўшы, што арышт мужа вельмі яе здзівіў.
Пракурор абвінаваціў Ліпскіса ў тым, што той сустракаўся з афіцэрам беларускага КДБ Сяргеем Куруленкам і перадаваў яму копіі дакументаў. «Я прызнаю, што фатаграфаваў дакументы, але маёй віны ў гэтым няма. Я зрабіў гэта, каб КДБ ад мяне адчапіўся», — растлумачыў падазраваны. Паводле ягоных слоў, гэтыя дакументы не былі сакрэтнымі.
Адвакат Ліпскіса распавёў журналістам, што ягоны падабаронны не атрымліваў ад беларускага КДБ грошай, а пагадзіўся супрацоўнічаць толькі праз пагрозы з боку агента.
У пачатку лістапада 2014 Генеральная пракуратура Літвы абвясціла аб затрыманні грамадзяніна Літвы, якога падазравалі ў шпіянажы на карысць Беларусі. Арыштаваным быў Рамуальд Ліпскіс, які працаваў электрыкам у кампаніі «Oro navigacija». Паводле звестак літоўскай пракуратуры, мужчына фатаграфаваў сакрэтныя дакументы ды іншыя аб'екты, а потым перадаваў у Беларусь. Пракуратура не выключае, што беларуская выведка дзялілася звесткамі з расійскімі калегамі.
Высветлілася, што падазраваны быў арыштаваны каля года таму, а 10 лістапада 2014 года яму афіцыйна выставілі абвінавачванні ў шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы, за што прадугледжанае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.
belsat.eu